Беларусы згулялі ўнічыю з казахстанцамі ў Лізе нацый УЕФА



Футбалісты зборнай Беларусі другі раз запар згулялі ўнічыю ў новым сезоне Лігі нацый УЕФА. У матчы 3-га тура 3-й групы лігі С у сербскім Нові-Садзе беларусы разышліся мірам з камандай Казахстана – 1:1. У пачатку першага тайма падначаленыя Георгія Кандрацьева гулялі занадта асцярожна, дазволіўшы супернікам правесці некалькі небяспечных атак. Адна з іх на 13-й хвіліне завяршылася голам Абата Аймбетава. Апынуўшыся ў ролі даганяючых, беларускія футбалісты дадалі ў руху, але да перапынку не змаглі адыграцца. У другой палове сустрэчы беларусы працягвалі атакаваць і на 84-й хвіліне гульні пасля падачы чарговага кутавога лік параўняў Уладзіслаў Малькевіч, які выйшаў на замену. Ён жа ўжо ў кампенсаваны час мог здабыць пераможны гол, але мяч пасля яго ўдару з блізкай адлегласці трапіў у штангу.
Свой наступны матч зборная Беларусі правядзе 13 чэрвеня ў гасцях у азербайджанцаў. У іншых матчах дня славакі перамаглі азербайджанцаў

1:0. Харваты з такім жа лікам абыгралі ў гасцях датчан дзякуючы голу Марыё Пашаліча. Французы змаглі пазбегнуць паразы ў матчы з аўстрыйцамі 1:1. На гол Ваймана адказаў Мбапэ. Футбалісты зборнай Малдовы саступілі супернікам з Латвіі – 2:4

„Сталіца” другі раз абыграла ВРЗ у серыі за золата чэмпіянату Беларусі

Спартоўцы „Сталіцы” святкавалі другую вікторыю над гомельскім ВРЗ у залатой серыі 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.
Падчас сустрэчы ў мінскім спарткомплексе „Уручча” доўгі час лідыравалі гаспадары, але за дзве хвіліны да заканчэння другога тайма Саркіс Маргаран вывеў гамяльчан наперад – 3:2. Аднак „сталічнікі” не здаліся, і праз хвіліну Алег Гарбенка параўняў лік – 3:3. Гэты поспех надаў мінчанам дадатковы імпульс, і ў пачатку першага авертайму Ільнур Ісламаў забіў чацвёрты мяч, а потым Алег Гарбенка ўсталяваў канчатковы лік – 5:3.
У першай сустрэчы 6 чэрвеня ў Гомелі „Сталіца” выйграла з лікам 4:3. Наступны паядынак залатой серыі адбудзецца 14 чэрвеня на арэне ВРЗ. Калі менчукі перамогуць, то яны чацвёрты раз стануць чэмпіёнамі Беларусі.


Віктар Ганчарэнка ўзначаліць клуб з Саудаўскай Аравіі
Беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, які ўзначальваў БАТЭ і шэраг расейскіх клубаў, блізкі да таго, каб узначаліць адну з дружын у чэмпіянаце Саудаўскай Аравіі. Бліжэйшым часам 45-гадовы трэнер павінен падпісаць кантракт, паведамляе „Чэмпіянат” са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй. Раней у СМІ з’яўлялася інфармацыя пра тое, што Ганчарэнка можа вярнуцца ва „Урал”. Акрамя таго, як варыянт працягу трэнерскай кар’еры называўся бакінскі „Нафтчы”.

Івашка завяршыў выступы на тэнісным турніры ў Нідэрляндах
Беларускі тэнісіст, 49-ы нумар сусветнага рэйтынгу, Ілля Івашка не здолеў выйсці ў паўфінал турніру катэгорыі АТР-250 у нідэрляндскім Хертагенбосе з прызавым фондам 848 тысяч еўра. У матчы 1/4 фіналу беларус аказаў упарты супраціў другой ракетцы планеты расейцу Даніілу Мядзведзеву, але ўсё ж саступіў у дзвюх партыях – 6:7 (8:10), 4:6.

„Голдэн Стэйт” у гасцях выйграў у „Бостана” і зраўняў лік у фінальнай серыі
У чацвёртай гульні фіналу НБА-2021/22 „Голдэн Стэйт” у гасцях святкаваў перамогу над „Бостанам” — 107:97. Дзякуючы гэтаму каліфарнійцы зраўнялі лік у супрацьстаянні 2:2. Стэфан Кары набраў 43 ачкі і зрабіў 10 падбораў. Наступны матч пройдзе на пляцоўцы „ваяроў”.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]