Берасцейскае „Дынама” перамагло”Слуцк”



Футбалісты берасцейскага „Дынама” абыгралі „Слуцк” з лікам 3:1 у перанесеным матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі. На 8-й хвіліне Сяргей Крывец адкрыў лік. Дзеючыя чэмпіёны краіны працягвалі валодаць ініцыятывай, але на 34-й хвіліне ў адной з контратак госці зарабілі пенальці, які рэалізаваў Юрый Казлоў. Пасля перапынку гаспадары таксама кантралявалі ход гульні і вызначыліся яшчэ двойчы: на 67-й хвіліне гульні гол забіў Давід Твэ, а яшчэ праз 15 хвілін апошнюю кропку паставіў Міхаіл Гардзяйчук. Гэта пятая запар вікторыя падначаленых Сяргея Кавальчука, якія пакуль займаюць 4-е месца ў турнірнай табліцы ўслед за БАТЭ, «Нёманам» і «Шахцёрам».

ЦСКА згуляла ўнічыю на старце Лігі Еўропы

Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі згулялі ўнічыю ў гасцях у аўстрыйскага „Вольфсберга” на старце групавога этапу Лігі Еўропы. Ужо на 5-й хвіліне гульні маскоўская каманда выйшла наперад пасля дакладнага ўдару з лініі штрафной плошчы аргентынскага легіянера Адольфа Гайча. Незадоўга да перапынку гаспадары атрымалі права на пенальці і Міхаэль Ліндль аднавіў раўнавагу ў ліку – 1:1. У другой палове сустрэчы абодва супернікі мелі шанцы вызначыцца, але вынік так і не змяніўся. У другім паядынку гэтага квартэта харвацкае „Дынама” ў Заграбе разышлося мірам з нідэрландскім „Феенордам” – 0:0.

„Мяшкоў Брэст” у трэці раз  перамог у Лізе чэмпіёнаў

„Мяшкоў Брэст” святкаваў трэцюю перамогу ў гандбольнай Лізе чэмпіёнаў.

У паядынку пятага тура папярэдняй групы А чэмпіёны Беларусі абыгралі на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” вугорскі „Пік”  з лікам 26:24. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Яка Малус, які закінуў 7 мячоў. Свой наступны матч „Мяшкоў Брэст” павінен быў правесці 28 кастрычніка ў гасцях у нарвежскага „Эльверума”, але гэтая сустрэча перанесена ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Дынама-Маладзечна”

Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Дынама-Маладэчна” у матчы чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на „Чыжоўка-Арэне” завяршылася з лікам 5:3 на карысць каманды Аляксандра Макрыцкага. Дубль на свой рахунак запісаў Вячаслаў Грэцкі, камандзіраваны ў «Юнацтва» са сталічнага «Дынама».  Што тычыцца астатніх сустрэч гульнявога дня, то салігорскі „Шахцёр” абыграў гарадзенскі „Нёман” – 3:1, аршанскі „Лакаматыў” пацярпеў паразу ад „Гомеля” – 2:3, а „Металург-Жлобін” разграміў „Магілёў” – 6:1.

Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал тэніснага турніру ў Астраве

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал адзіночнага разраду турніру ў чэшскай Астраве. У 1/8 фіналу беларуска, якая займае 12-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла ў трохсэтавым паядынку амерыканскую тэнісістку Коры Гауф, у якой 55-я пазіцыя – 1:6, 7:5, 7:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 15 хвілін. У паядынку за трапленне ў паўфінал суперніцай Арыны будзе іспанка Сара Сарыбес-Торма.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя