Берасцейскае „Дынама” перапыніла нічыйную серыю



Футбалісты берасцейскага „Дынама” перамаглі ў гасцях „Іслач” 1:0 у заключным паядынку 12-га тура чэмпіянату Беларусі, перапыніўшы чатырохматчавую нічыйную серыю.

Пераможны мяч на 19-й мінуце гульні забіў Павел Савіцкі. Чатыры папярэднія сустрэчы брастаўчане заканчвалі з аднолькавым лікам 1:1. Дзякуючы гэтай перамозе брэсцкае „Дынама” набрала 16 ачкоў і паднялося на 9-е месца ў турнірнай табліцы.

Вынікі астатніх матчаў 12-га тура: „Нёман” (Гародня) – БАТЭ (Барысаў) – 2:3, „Гомель” – „Смалявічы” – 0:2, „Дынама” (Менск) – „Віцебск” – 1:1, „Шахцёр” (Салігорск) – „Луч” (Менск) – 4:0, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – „Днепр” (Магілёў) – 1:0, „Гарадзея” – „Мінск” – 1:2, „Тарпеда” (Менск) – „Слуцк” – 0:1.

Становішча ў лідзіруючай групе пасля 12 тураў: БАТЭ – 31 ачко, „Дынама” (Менск) – 25, „Шахцёр” – 24, „Віцебск” – 24. Унізе турнірнай табліцы менскае „Тарпеда”, „Гомель” і „Гарадзея”, у якіх па 7 заліковых балаў.

Лідарам бамбардзірскай гонкі з’яўляецца форвард „Слуцка” Яўген Шыкаўка, які забіў 8 мячоў.

belta.by