Берасцейскае „Дынама” трэці раз заваявала Суперкубак Беларусі



Футбалісты берацейскага „Дынама” трэці раз запар сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі. У стартавым паядынку новага футбольнага сезону на полі футбольнага клуба „Мінск” чэмпіёны краіны перамаглі ўладальніка Кубка салігорскі „Шахцёр” з лікам 2:0. Сустрэча пачалася без выведкі, і ўжо на 3-й хвіліне берасцейцы выйшлі наперад. Аляксандр Наёк магутна прабіў штрафны ўдар і Габі Кікі падпільнаваў адскок.  На зыходзе паўгадзіны гульні берасцейцы правялі другі мяч – пасля паса Арцёма Мілеўскага лік падвоіў Павел Савіцкі.

У другой палове матчу салігорскія футбалісты працягвалі атакаваць і на 49-й хвіліне атрымалі колькасную перавагу, калі пасля другога папярэджання з поля быў выдалены Арцём Мілеўскі. Да канца сустрэчы „Шахцёр” валодаў ініцыятывай, але так і не змог адыграцца, саступіўшы ў сваім трэцім паядынку за Суперкубак. Да гэтага, у 2015 і 2016 гадах, гарнякі прайгравалі БАТЭ. Часцей за ўсіх Суперкубак заваёўваў барысаўскі БАТЭ, у якога сем перамог, у актыве берасцейскага „Дынама” стала тры трафея, адзін раз прыз заваявалі футбалісты „Гомеля”.

Менскія „Цмокi” прайгралі „Бака Бірз”

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” няўдала правялі першы чвэрцьфінальны матч розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. У дацкім Орхусе чэмпіёны Беларусі выйгралі першую чвэрць у мясцовага „Бака Бірз” з розніцай у 9 ачкоў, але ў выніку саступілі з лікам 66:79. Самым выніковым у складзе менчан стаў Роберт Лоўры, які набраў 17 ачкоў. Сустрэча ў адказ за выхад у паўфінал адбудзецца 11 сакавіка ў Менску.

Валейбалісткі „Мінчанкі” выбылі з барацьбы за Кубак ЕКВ

Валейбалісткі „Мінчанкі”, саступіўшы ў гасцях французскаму „Валеро” з Ле Канэ з лікам 0:3, завяршылі барацьбу за Кубак ЕКВ на стадыі 1/4 фіналу. Першая гульня каманд у спарткомплексе „Уручча” завяршылася паразай беларускай каманды з лікам 1:3. Самым выніковым  гульцом сустрэчы ў складзе „Мінчанкі” стала яе лідар  Аксана Кавальчук, якая набрала 13 ачкоў.

Клэбо выйграў спрынт на этапе Кубка свету па лыжных гонках 

Нарвежскі лыжнік Ёханэс Клэбо выйграў спрынтарскую гонку каньковым стылем на этапе Кубка свету, які завяршыўся ў нарвежскім Конэрудзе.

Беларускі лыжнік Аляксандр Воранаў не змог пераадолець кваліфікацыйны бар’ер і падзяліў з немцам Себасцьянам Эйзенауэрам 47-ю пазіцыю ў выніковым пратаколе. Шведская спартоўка Ёна Сундлінг выйграла спрынт вольным стылем на этапе Кубка свету па лыжных гонках, які завяршыўся ў нарвежскім Драмене. Беларуская лыжніца Паліна Сераносава фінішавала на 52-м месцы, не здолеўшы прайсці далей кваліфікацыйных стартаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя