Берасцейскае „Дынама” выйграла Суперкубак Беларусі



Уладальнік Кубку Беларусі берасцейскае „Дынама”, перамогшы ў Менску 3:1 чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ, другі год запар заваявала нацыянальны Суперкубак.

З пачатку сустрэчы выявілася перавага дынамаўцаў, якія выглядалі больш матываванымі і сустракалі барысаўцаў высокім прэсінгам. Гэтае дамінаванне ўрэшце ўвасобілася ў заканамерны гол Дзяніса Лапцева на 40-й хвіліне. Першая палова гульні была адзначана таксама шэрагам сутычык і некарэктных фолаў. 

У пачатку другога тайма суддзя прызначыў дастаткова спрэчны пенальці ў браму берасцейцаў. 11-мятровы рэалізаваў французскі легіянер БАТЭ Эрвен Мукам. Далей ішла дастаткова роўная гульня. На 74-й хвіліне няўдача падпільнавала чэмпіёнаў краіны – пасля падавання ў штрафную мяч трапіў у галаву абаронца БАТЭ Філіпавіча і заляцеў у сетку брамніка Чычкана.

А на 79-й хвіліне лёс Суперкубка быў вырашаны. Партугалец Дэніш Дуартэ зрабіў выдатную скідку галавой, а выйшаўшы на замену Павел Савіцкі зблізку ад брамы таксама галавой даслаў мяч па прызначэнні. Рэальных шанцаў адыграцца ў БАТЭ не было. 

Берасцейскае „Дынама” пад кіраўніцтвам чэшскага спецыяліста Марцэла Лічкі заваявала Суперкубак Беларусі

Беларускае Радыё Рацыя