Берасцейскае „Дынама” выйграла ў „Шахцёра” у паўфінале Кубка Беларусі



Футбалісты берасцейскага „Дынама” перамаглі салігорскі „Шахцёр” з лікам 2:0 у паўфінальным матчы розыгрышу Кубка Беларусі.

Сустрэча ў Берасці прайшла з перавагай дзеючых чэмпіёнаў краіны. Ужо ў першым тайме берасцейцы двойчы забілі цяперашняму ўладальніку Кубка Беларусі. На 6-й хвіліне гульні лік адкрыў Аляксандр Наёк, а яшчэ праз 7 хвілін яго пачын падтрымаў Павел Савіцкі. Пасля перапынку лік не змяніўся.

У іншым паўфінале мазырская „Славія” адолела барысаўскі БАТЭ – 1:0. Гэта ўжо другая перамога мазыран над барысаўчанамі ў гэтым сезоне: у другім туры нацыянальнага першынства яны здолелі вырваць перамогу над 15-разовымі чэмпіёнамі краіны з лікам 2:1.

Гулец славенскай зборнай Сташ Скубі падпісаў кантракт з БГК імя Мяшкова

Гулец зборнай Славеніі Сташ Скубі будзе выступаць за берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова. Такая інфармацыя змешчана на афіцыйным сайце БГК. Сташ Скубі выступае на пазіцыі разыгрываючага. З БГК ён заключыў двухгадовы кантракт. Сваю прафесійную кар’еру пачатковец берасцейцаў пачаў у славенскім „Трымо”, там дэбютаваў у еўракубках. У 2013 годзе гандбаліст перабраўся ў „Гарэнне”, а праз тры гады стаў выступаць за вугорскі „Пік”. Зараз ён абараняе колеры паўночнамакедонскага „Вардара”. У цяперашнім розыгрышы Лігі чэмпіёнаў Сташ Скубі на групавым этапе адыграў ва ўсіх 14 паядынках і закінуў 53 мяча. Як паведамлялася, шэрагі берасцейцаў папоўняць таксама правы паўсярэдні паляк Павел Пачкоўскі і лінейны з Босніі і Герцагавіны Уладзімір Враньеш.

Федэрацыя хакея прыпыніла ў Беларусі ўсе дзіцяча-юнацкія спаборніцтвы

Федэрацыя хакея разам са спартовымі школамі вырашыла прыпыніць усе спаборніцтвы сярод дзяцей і юнацтва, паведамляецца на сайце ФХБ.

На няпэўны тэрмін прыпыненыя Адкрытае першынства краіны сярод юніёраў і юнакоў і Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод юнакоў. ФХБ падкрэслівае, што абапіралася на рэкамендацыі Мінздароўя і Мінспорту з мэтай процідзейнічаць распаўсюду каранавіруса COVID-19. За прыпыненне спаборніцтваў актыўна выступалі таксама кіраўнікі дзіцяча-юнацкіх спартовых школ, трэнеры-выкладчыкі ды бацькі юных хакеістаў.

На рашэнне паўплывала і закрыццё межаў падчас пандэміі каранавіруса. У турнірах не змогуць прыняць удзел каманды з Літвы і Украіны. У ФХБ лічаць спаборніцтвы без іх некарэктнымі.

ЧС па лёгкай атлетыцы перанеслі на 2022 год

Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый абвясціла, што чэмпіянат свету пройдзе з 14 па 24 ліпеня 2022 года. Першапачаткова спаборніцтвы павінны былі адбыцца ў амерыканскім Юджыне з 6 па 15 жніўня 2021 га, аднак у сувязі з пераносам Алімпійскіх гульняў у Токіо на 2021 год з-за каронавіруса чэмпіянат свету было вырашана таксама зрушыць на год.

Бундэсліга распрацавала план па аднаўленні сезону

Кіраўнікі Нямецкага футбольнага саюза і Бундэслігі разлічваюць дагуляць сезон перарваны з-за пандэміі каронавируса. Пра гэта паведамляе нямецкае выданне Bild. Чэмпіянат Нямеччыны можа аднавіцца ў пачатку траўня, але для гэтага камандам давядзецца выканаць шэраг патрабаванняў. Клубы першай і другой ліг атрымалі пералік умоў ад Нямецкага футбольнага звяза, якія дазваляюць вярнуцца да правядзення матчаў. На матчах будзе дазволена прысутнасць 239 чалавек. Гэта самі футбалісты, трэнерскі штаб і персанал ў колькасці максімум васьмі чалавек. На трыбуны пусцяць 30 журналістаў і 36 супрацоўнікаў тэлебачання, а таксама чатырох чалавек, якія падаюць мячы. Кожны клуб атрымае магчымасць адправіць на гульню восем прадстаўнікоў дэлегацыі – усяго на трыбуны трапяць 113 гледачоў. Прысутнасць заўзятараў першы час будзе выключана.

Пасля 25 тураў у турнірнай табліцы чэмпіянату лідыруе мюнхенская „Баварыя”. З-за паўзы ў сезоне пяцёрка вядучых футбольных чэмпіянатаў Еўропы можа страціць найменьш 4 млрд еўра.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя