Берасцейскае „Дынама” выйшла ў другі раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты берасцейскага „Дынама” выйшлі ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў. У матчы першага раўнда кваліфікацыі чэмпіёны Беларусі разграмілі на сваім полі казахстанскую „Астану” з Нур-Султана з лікам 6:3. У складзе берасцейцаў па галявому дублю аформілі Міхаіл Гардзяйчук і Абдулай Дыяла, яшчэ па голу забілі Кірыл Печэнін і Павел Сядзько. У паядынку за выхад у трэці кваліфікацыйны раўнд берасцейскія дынамаўцы сустрэнуцца з пераможцам сённяшняга матчу „Конаскі” (Уэльс) – „Сараева” (Боснія і Герцагавіна). Таксама ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў прабілася варшаўская „Легія” , якая з мінімальным лікам перамагла паўночнаірландскі „Лінфілд” 1:0. На 82-й хвіліне Кантэ ўдарам з-за межаў штрафной плошчы распячатаў браму. Пасля гэтага „Легія” магла забіць яшчэ раз, але выратаваў гасцей каркас брамы. Зрэшты, на гэта быў адказ – у стойку трапіў Крысці Манзінга. І гэта пры ўмове, што „Лінфілд” ужо гуляў у меншасці пасля выдалення Мілера. Цяжкая перамога „Легіі”.

„Пары Сен-Жэрмен” перамог нямецкі „Лейпцыг” і выйшаў у фінал ЛЧ

Футбалісты „Пары Сен-Жэрмэн” перамаглі „Лейпцыг” з лікам 3:0 і сталі першымі фіналістамі Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіёны Францыі ўжо ў першым тайме двойчы засмуцілі брамніка супернікаў – на 13-й хвіліне лік адкрыў Маркіньёс, а незадоўга да перапынку Анхель Ды Марыя забіў другі мяч. У другой палове гульні Хуан Бернат паставіў апошнюю кропку ў гэтай сустрэчы. У другім паўфінальным матчы чэмпіёнскай лігі сёння таксама будуць супернічаць прадстаўнікі Нямеччыны і Францыі – мюнхенская „Баварыя” згуляе з „Ліёнам”.

Хакеісты маладзечанскага „Дынама” абыгралі „Нёман” у матчы Кубка Салея

Хакеісты маладзечанскага „Дынама” святкавалі валявую перамогу над гарадзенскім „Нёманам” у пятым туры групавога раўнда Кубка Салея. Цэнтральны матч групы В завяршыўся на карысць каманды з Менскай вобласці з лікам 3:2. На 12-й хвіліне лік адкрыў Павал Пячура, які дарэчы некалі гуляў за маладзечанцаў. У другой трэці паядынку перавага „Нёмана” узрасла да дзвюх шайбаў. Лік павялічыў Артур Абмётка, які рэалізаваў большасць. Здавалася б, гульня зробленая, але дзякуючы шайбам Аляксандра Суворава і Мікалая Сытага, якія падзялілі менш за хвіліну гульнявога часу, маладзечанцы вярнуліся ў гульню. На 37-й хвіліне Андрэй Герашчанка і зусім вывеў дынамаўцаў наперад. Заключны адрэзак матчу прайшоў пад акампанемент нападаў „Нёмана”. У каманды Сяргея Пушкова было некалькі выдатных магчымасцяў зраўняць лік, у тым ліку і пры гульні ў большасці, але абарона і галкіпер маладзечанцаў гулялі практычна без збояў. Хакеісты жлобінскага „Металурга” саступілі „Гомелю” у матчы групавой стадыі Кубка Салея-2020 з лікам 4:5.

„Фан-сектар” Нёмана „абвясціў бестэрміновы байкот матчаў клуба

Фан-сектар гарадзенскага „Нёмана” абвясціў бестэрміновы байкот матчаў клуба з-за драматычных падзей у краіне. Заява была апублікавана яшчэ 12 жніўня.

Усім добрага дня, калі яго можна лічыць добрым у святле апошніх падзей у нашай Рэспубліцы і, у прыватнасці, у Гародні!

Фан-сектар гарадзенскага „Нёмана”, гэтак жа, як і многія іншыя хакейныя сектары, прыняў рашэнне часова (ці бестэрмінова) спыніць наведванне сектара, то бок адмовіцца ад актыўнай падтрымкі клуба!

Усе, хто хоча наведваць матчы, але пры гэтым, купляючы квіток на іншы сектар (праходкі не прымяняць). Але ўлічыце тое, што пад вечар пасля матчу, вас могуць спакаваць у аўтазак на вуліцы! Аб рашэнні клуб „Нёман” папярэджаны. Адпаведна, адмяняюцца ўсе выезды! Усім Свабоды! Жыве Беларусь! – гаворыцца ў паведамленні.

Люіс Хэмільтан захапіўся беларусамі

Вядомы гоншчык „Формулы-1” Льюіс Хэмільтан у інстаграм-акаўнце, на які падпісаны 19 мільёнаў чалавек, размясціў фатаздымкі з пратэстаў з Беларусі. „Хоць Лукашэнка можа і адключыць інтэрнэт у Беларусі, ён не можа спыніць астатні свет ад выкрыцця яго тыраніі. Давайце працаваць разам, каб змяніць свет да лепшага, падзяліўшыся гэтым постам, каб прасоўваць дэмакратыю замест дыктатуры ў Беларусі. Давайце ўсе прасунем дэмакратыю і свабоду і дапаможам зрынуць гэтага карумпаванага дыктатара”, – гаворыцца ў паведамленні.

Беларускае Радыё Рацыя