Берасцейскае „Дынама” выйшла ў трэці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты берасцейскага „Дынама” прабіліся ў трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў. У гульні другога раўнда ў Берасці чэмпіёны Беларусі абыгралі чэмпіёна Босніі і Герцагавіны „Сараева” з лікам 2:1. Гаспадары вельмі актыўна пачалі гульню, і ўжо на 3-й хвіліне Міхаіл Гардзяйчук адкрыў лік. Берасцейцы працягвалі валодаць ініцыятывай, але на 34-й хвіліне прапусцілі вострую контратаку гасцей і Андрэй Даканавіч аднавіў раўнавагу. Пасля перапынку дынамаўцы адразу пайшлі наперад і праз 4 хвіліны Абдулай Дыяла забіў пераможны гол. У трэці адборавы раунд прабілася таксама кіпрская «Амонія», якая ў дадатковы час абыграла чэмпіёна Польшчы варшаўскую «Легію» 2:0, дзякуючы голу Гомеса на 92-й хвіліне з пенальці і Сантаса на 107-й хвіліне.

Магчымымі супернікамі берасцейскага „Дынама” ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў сталі грэцкі «Алімпіякас», «Дынама» Заграб, «Славія» Прага, швейцарскі «Янг Бойз», сербская «Црвена Звезда» і  азербайджанскі «Карабах». Лёсаванне пройдзе 31 жніўня ў Ньёне. Матчы пройдуць 15 і 16 верасня.

Менскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр” стартуюць у футбольнай Лізе Еўропы

Два беларускія клубы сёння правядуць матчы першага кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі Еўропы. Менскае „Дынама” на сваёй арэне прыме польскі „Пяст” з Глівіцэ (пачатак у 18.00).

У Салігорску мясцовы „Шахцёр” згуляе з малдаўскім клубам „Сфынтул Георге” (пачатак у 20.30). Па рашэнні УЕФА усе матчы кантынентальных турніраў пакуль праходзяць без гледачоў. Яшчэ адзін беларускі прадстаўнік барысаўскі БАТЭ стартуе з другога кваліфікацыйнага раўнда ЛЕ, матчы якога пройдуць 17 верасня.

Хакеісты „Дынама-Маладзечна” сталі ўдзельнікамі „Фіналу чатырох” Кубка Салея

Хакеісты „Дынама-Маладзечна” сталі апошнімі ўдзельнікамі „Фіналу чатырох” Кубка Салея — 2020. У цэнтральным матчы заключнага тура групавога этапу каманда Канстанціна Кальцова абыграла аршанскі „Лакаматыў” з лікам 4:1. Каманда Канстанціна Кальцова ўдарна правяла другі перыяд, забіўшы чатыры шайбы ў брамку каманды з Віцебскай вобласці. Вызначыліся Павел Капыцін, Ягор Кудзін, Герман Яваш і Кірыл Нікулін. Хакеісты наваполацкага „Хіміка” абыгралі баранавіцкі „Авіятар” з лікам 5:1, аднак у „Фінал чатырох” не прабіліся. „Віцебск” саступіў у авертайме жлобінскаму „Металургу” – 2:3, а „Шахцёр” з Салігорску разабраўся з „Брэстам” – 3:0.

Таксама ў групе В гарадзенскі „Нёман” упэўнена разабраўся з „Пінскімі ястрабамі” – 4:1, а зборная Беларусі U-18 разграміла дружыну „Магілёва” – 8:3. Аднак дадзеныя вынікі турнірнага значэння для гэтых каманд ужо не маюць. „Фінал чатырох” Кубка Салея пройдзе ў Гомелі 29 і 30 жніўня. Квартэт прэтэндэнтаў склалі менскае „Дынама”, „Юнацтва”, „Гомель” і „Дынама-Маладзечна”.

Гандбалісты СКА і „Кронана” згулялі ўнічыю ў стартавым матчы чэмпіянату Беларусі

Гандбалісты менскага СКА не змаглі адолець гарадзенскі „Кронан” ў стартавым матчы 29-га чэмпіянату Беларусі. Віцэ-чэмпіёны краіны  лічыліся фаварытамі, але госці з Гародні не збіраліся здавацца без бою і ў выніку дамагліся нічыі – 30:30. У складзе армейцаў самымі выніковымі сталі Кірыл Самойла і Мікіта Чыжык, якія закінулі па 8 мячоў, у гасцей вызначыўся Олен Луня, які 10 разоў засмуціў брамніка супернікаў. Гэты паядынак стаў для мінчукоў апошняй праверкай сіл перад хатнім матчам Еўралігі з маскоўскім ЦСКА, які адбудзецца 29 жніўня ў мінскім палацы спорту „Уручча”.

Беларускія валейбалісткі перамаглі аднагодак з Польшчы ў матчы групавой стадыі маладзёжнага ЧЕ

Беларускія валейбалісткі перамаглі аднагодак з Польшчы ў матчы групавой стадыі маладзёжнага ЧЕ-2020. Паядынак завяршыўся з лікам 3:2  на карысць каманды Вольгі Пальчэўскай. Найбольш выніковай сярод беларусак стала Ксенія Лябёдкіна, на рахунку якой 24 ачкі.  Гэта трэцяя перамога беларусак у трох паядынках, згуляных на турніры. Раней яны абыгралі дружыны Сербіі і Славакіі.  Такім чынам, на рахунку беларусак сем ачкоў і яны працягваюць барацьбу за выхад у паўфінал кантынентальнага форуму.

Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал тэніснага турніру ў Нью-Ёрку

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал адзіночнага разраду буйнога турніру Western & Southern Open ў Нью-Ёрку з прызавым фондам больш за 7 мільёнаў даляраў. У матчы чвэрцьфінальнай стадыі экс-першая ракетка планеты сустракалася з прадстаўніцай Туніса Унс Джабір і перамагла ў двух сэтах – 7:6 (11: 9), 6:2. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 45 хвілін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя