Берасцейскіх аматараў гандболу чакае шмат цікавых гульняў



Берасцейскія гандбалісты сустренуцца ў SEHA-лізе з 9-ю супернікамі. Кіраўніцтва спартовага турніру вызначылася з колькасцю і складам удзельнікаў. БГК імя Мяшкова ў гэтым сезоне згуляе з клубамі з шасці краін. Апроч Беларусі за кубак балканскай лігі пазмагаюцца каманды з Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Венгрыі, Сербіі, Харватыі і Славакіі. Паводле галоўнага рэдактара сайту sportbrest.com Алеся Ляўчука, сезон абяцае быць вельмі цікавым для беларускіх аматараў гандболу. Шмат гульняў з добрымі клубамі яны змогуць пабачыць ў Берасці.

Алесь Ляўчук:

– Берасцейцы змогуць пабачыць гульню з добрымі еўрапейскімі камандамі, і калі ім яшчэ пашчасціць, то БГК пройдзе ў кваліфікацыю Лігі чэмпіёнаў, тады мы атрымаем яшчэ пяць. Разам будзе 14 гульняў сур’ёзнага ўзроўню.

Кваліфікацыйныя гульні ў гандбольную лігу Чэмпіёнаў пройдуць у пачатку верасня. Паводле старых правілаў, Берасцейскі гандбольны клуб iмя Мяшкова трапляў ў элітны турнір аўтаматычна. Аднак кіраўніцтва Еўрапейскай федэрацыі гандболу прыняло нечаканыя для берасцейцаў змены. Цяпер для ўдзелу ў Лізе чэмпіёнаў ўлічваецца рэйтынг выступаў беларускіх клубаў менавіта ў гэтым спаборніцтве за апошнія тры сезоны.

Беларускае Радыё Рацыя