Без Алімпіяды і без плэй-оф



Жаночая зборная Беларусі па баскетболе прайграла Расеі ў апошнім матчы групавога этапу чэмпіянату Еўропы — 62:76. Перамога гарантавала зборнай Беларусі выхад у наступны раунд з выдатнымі шанцамі на чвэрцьфінал, а параза з розніцай менш «-11» дала б пуцёўку ў другі этап у выпадку перамогі Сербіі над Бельгіяй. На жаль, але падначаленыя Наталлі Трафімавай прайгралі «-14» і занялі апошняе месца ў групе. Гэта азначае, што беларускі не змогуць змагацца за пуцёўку на Алімпійскія гульні. Асноўнай прычынай паразы нашай каманды стаў вельмі нізкі працэнт траплення з сярэдняй дыстанцыі – 26,5%. Расейкі трапілі больш за палову сваіх двухачковых кідкоў.

Таццяна Ліхтаровіч набрала 10 ачкоў пры 11 падборах, у актыве Марыі Паповай 15 ачкоў, Алекс Бэнтлі набрала 12 балаў.

БАТЭ разграміў «Віцебск»

Завяршыўся 13-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе. У Барысаве БАТЭ абыграў „Віцебск” 3:0. Барысаўчане зыход паядынку вырашылі ўжо ў першым тайме. Спачатку Ігар Стасевіч выскачыў адзін на адзін з брамнікам і паслаў мяч у браму. Затым Станіслаў Драгун замкнуў падачу Ігара, зрабіўшы лік 2:0. А праз пару хвілін Драгун аформіў дубль. У канцы першага тайма госці маглі адквітаць адзін гол, але выхад сам-насам з Чычканам не рэалізаваў Кірыл Печэнін. «Шахцёр» вырваў у няпростым выездзе ў Мазыр перамогу ў мясцовай «Славіі» толькі ў канцоўцы матчу, дзякуючы голу Мікалая Януша 1:0.

Яшчэ два золата і другое месца беларусаў па выніках Еўрагульняў

Беларускія спартоўцы ў апошні дзень II Еўрапейскіх гульняў заваявалі 8 медалёў, з якіх 2 залатыя. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася дасведчаная веласіпедыстка Таццяна Шаракова, якая была лепшай у індывідуальнай гонцы пераследу. У спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе на дыванах менскага Палаца спорту чэмпіёнскі тытул у вагавай катэгорыі да 130 кг нечакана заваяваў беларус Кірыл Грышчанка. Такім чынам, атлеты зборнай Беларусі на хатніх гульнях заваявалі 69 узнагарод – 24 залатыя, 16 срэбраных і 29 бронзавых, саступіўшы ў камандным заліку толькі зборнай Расеі, у якой 109 узнагарод (44 золата, 23 срэбра і 42 бронзы), трэцяе месца занялі спартоўцы Украіны, якія заваявалі 51 медаль.

Ферстапен выйграў Гран-пры Аўстрыі

Макс Ферстаппен з каманды „Рэд Бул” выйграў чарговую гонку ў календары «Формулы-1» – Гран-пры Аўстрыі.

Другім стаў гоншчык «Ферары» Шарль Леклер, адстаўшы на 2,7 секунды. Тройку замкнуў Валтэры Ботас з «Мэрсэдэс». У агульным заліку Хэмілтан апярэджвае Ботаса на 36 ачкоў.

Іспанія U21 – лепшая каманда кантынента

Іспанія абыграла Нямеччыну і стала пераможцам чэмпіянату Еўропы сярод моладзі да 21 года. Гульня прайшла на стадыёне «Дачыя Арэна» у італьянскім Удына і завяршылася з лікам 2: 1. У пачатку матчу іспанцам атрымалася адзначыцца хуткім голам – ужо на 7-й хвіліне забіў паўабаронца Фабіян Руіс. У другой палове сустрэчы, на 69-й хвіліне, іспанцы падвоілі перавагу намаганнямі хаўбека Даніэля Ольма. Пад заслону гульні, на 88-й хвіліне, немцам ўдалося скараціць адставанне ў ліку дзякуючы дакладнаму ўдару паўабаронцы Надзіма Аміры, але зраўняць лік зборнай Нямеччыны на апошніх хвілінах не ўдалося.

Беларускае Радыё Рацыя