БГК ім. Мяшкова прыступае да трэніровак



1 ліпеня гульцы БГК імя. Мяшкова сабраліся ў Берасці. Гандбалісты прайшлі даследаванне на каронавірус і наяўнасць антыцелаў, а затым на працягу некалькіх дзён здавалі тэсты па фізпадрыхтоўцы. На гэтым тыдні спартоўцы пройдуць паглыблены медагляд, пачнуць трэніроўкі на свежым паветры, а таксама прымуць удзел у запланаваных маркетынгавай службай мерапрыемствах, – паведамляе сайт мяшкоўцаў.

Прэс-служба „чырвона-сініх” адзначае, што Рауль Алонса прыцягвае моладзь з БГК-2 – Валянціна Сілку, Ягора Будзейку, Данілу Вяргейчыка і Іллю Тамашука. Акрамя таго, некалькі гандбалістаў з фарм-клуба адправіліся па новых адрасах: галкіпер Аляксей Бабко і лінейны Міхаіл Пілюк ўслед за Андрэем Мачалавым папоўнілі „Гомель”, а яшчэ адзін лінейны Дзмітрый Датчук адправіўся ў арэнду ў менскі СКА.

Амаль усю перадсезонку БГК правядзе ў Берасці. На 5 жніўня запланаваны хатні спарынг з маскоўскім ЦСКА. На 7-8 жніўня запланаваныя два выязныя таварыскія матчы з польскімі „Азотамі”, аднак іх правядзенне будзе залежаць ад магчымасці перасекчы мяжу.

Беларускія шашысты перамаглі каманду Кубы ў пятым туры Кубка нацый

Беларускія шашысты абыгралі ў пятым туры онлайн-турніру Кубка нацый каманду Кубы. Спаборніцтвы праходзяць па 100-клетачных шашках пад эгідай Сусветнай федэрацыі шашак. У мужчынскім турніры 29 зборных па швейцарскай сістэме ў сямі турах вызначаюць 14 удзельнікаў плей-оф. У першых двух турах беларусы абыгралі каманды Эстоніі і Сенегала, але ў трэцім саступілі зборнай Кот-д’Івуара. У чацвёртым туры прадстаўнікі Беларусі апынуліся мацней за Ізраіля, а ў пятым перамаглі Кубу з лікам 6:2. Пасля пяці раўндаў беларуская зборная займае трэцюю пазіцыю, набраўшы 8 балаў. Лідыруе Расея, у якой на рахунку 10 пунктаў. На другім месцы знаходзіцца Кітай (8 ачкоў).

„Вердэр” ізноў не абыграў „Хайдэнхайм”, але захаваў прапіску ў бундэслізе

Брэменскі „Вердэр” выйшаў пераможцам двухматчавага супрацьстаяння з „Хайдэнхаймам” за права гуляць у бундэслізе ў сезоне-2020/21. У сустрэчы ў адказ „музыкі” дамагліся выніковай выязной нічыі – 2:2. Гаспадары сышлі ад паразы на 7-й дададзенай да другога тайма хвіліне, аднак гэты вынік іх не задаволіў, паколькі першы паядынак у Брэмене 2 ліпеня завяршыўся нулявой нічыёй. „Вердэр” апынуўся мацней дзякуючы большай колькасці галоў у гасцях.

Парыжскі марафон перанесены на лістапад

Арганізатары Парыжскага марафону прынялі рашэнне з-за сітуацыі з коронавірусом перанесці спаборніцтвы на 15 лістапада. Першапачаткова старт мусіў адбыцца 5 красавіка. Затым арганізатары адклалі яго на 18 кастрычніка, і вось сталі вядомыя новыя тэрміны правядзення прэстыжнага марафону. „Каб мець магчымасць правесці Парыжскі марафон у лепшых умовах, пасля кансультацый з мэрыяй і прэфектурай паліцыі Парыжа вырашылі перанесці дату мерапрыемства. Новая дата Парыжскага марафону – 15 лістапада 2020 года”, – паведамілі арганізатары спаборніцтваў.

Раней з-за каронавіруса былі адмененыя Нью-Йоркскі, Бостанскі, Дублінскі, Берлінскі і Рымскі марафоны.

Беларускае Радыё Рацыя