БГК імя Мяшкова перайменаваны ў „Мяшкоў Брэст”



БГК імя Мяшкова змяніў афіцыйную рускамоўную шыльду клуба. „Наш клуб з’яўляецца візітнай карткай Берасця і добра знаёмы спартовым заўзятарам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Гістарычна склалася, што ў Еўропе БГК імя Мяшкова вядомы як Meshkov Brest. Каб уніфікаваць і прывесці да адзінага назоўніка два імя, з гэтага сезона мы мяняем афіцыйную рускамоўную шыльду. Цяпер БГК імя Мяшкова – гэта „Мяшкоў Брэст”, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта клуба.

ЧЕ-2020 па сучасным пяціборстве ў Венгрыі адменены

Чэмпіянат Еўропы па сучасным пяціборстве, які 17-21 верасня мусіў прайсці ў Венгрыі, адменены з-за абмежаванняў у сувязі з пандэміяй каронавіруса. Такім чынам, наступнае кантынентальнае першынство ў дадзеным відзе спорту прыме ў 2021 годзе Ніжні Ноўгарад. Спаборніцтвы плануецца правесці з 23 ліпеня па 8 жніўня.

Маскоўскі „Лакаматыў” блізкі да падпісання Віталя Лісаковіча

„Лакаматыў” у бліжэйшыя дні павінен дамовіцца аб пераходзе ў маскоўскі клуб нападніка салігорскага „Шахцёра” Віталя Лісаковіча. Пра гэта паведамляе sport-express. У гэтым сезоне 22-гадовы футбаліст правёў у чэмпіянаце Беларусі 16 матчаў і забіў дзевяць мячоў. Раней з’яўлялася інфармацыя пра цікавасць да Лісаковіча з боку „Лакаматыва”, „Урала”, ЦСКА і „Растова”.

Па звестках pressball, трансфер гвінейскага нападніка „Іслачы” Мамо Янсанэ ў салігорскі „Шахцёр” можа не спраўдзіцца. Перамовы паміж клубамі, якія вяліся яшчэ ўзімку, а працягнуліся ў чэрвені, па-ранейшаму ні да чаго не прывялі – сітуацыя застаецца нявызначанай. Гарнякі ўжо падпісалі на правах арэнды нападніка „Энергетыка”-БДУ Джасурбека Яхшыбоева.

НХЛ: першы раўнд плэй-оф пачнецца 9 жніўня

Першы раўнд плэй-оф у НХЛ пачнецца 9 жніўня. Старт фіналу Кубка Стэнлі запланаваны на 20 верасня. Рэгулярны чэмпіянат НХЛ датэрмінова завершаны. У плэй-оф згуляюць 24 каманды, якія маюць на момант прыпынку рэгулярнага чэмпіянату найбольшы працэнт перамог. Такім чынам, у розыгрыш Кубка Стэнлі не патрапілі „Атава”, „Дэтройт”, „Бафала”, „Нью-Джэрсі”, „Лос-Анджэлес”, „Сан-Хасэ” і „Анахайм”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя