БГК імя Мяшкова ў жніўні згуляе ў двух міжнародных турнірах



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова ў жніўні згуляе ў двух міжнародных турнірах.

Чэмпіёны Беларусі і ўладальнікі Кубка краіны адправіліся ў водпуск. Пасля водпуску каманда збярэцца разам у сярэдзіне ліпеня. З 1 па 11 жніўня ў „мяшкоўцаў” запланаваны перадсезонны збор у Славеніі. Пасля вяртання ў Берасце БГК пачне інтэнсіўную гульнявую падрыхтоўку.

У берасцейскім палацы спорту „Вікторыя” 17-19 жніўня пройдзе адзінаццаты па ліку турнір „Кубак Белгазпрамбанка”. Канкурэнцыю гаспадарам у барацьбе за трафей складуць віцэ-чэмпіён Расеі маскоўскі „Спартак”, бронзавы прызёр іспанскай лігі Asobal „Гранольерс” і адзін з вядучых клубаў Ізраіля „Макабі”.

Затым гандбольны клуб з берагоў Буга чакае ваяж у Францыю. Прадстаўнікі Беларусі з 23 па 26 жніўня паўдзельнічаюць у турніры ў Страсбургу. На папярэднім этапе БГК у групе 1 згуляе з „Пары Сен-Жэрмен” і „Вардарам”. Далей, у залежнасці ад занятага месца ў сваім трыа, „мяшкоўцы” могуць атрымаць у сапернікі „Веспрэм”, „Манпелье” або „Нант”.

belta.by