БГК імя Мяшкова выйшаў у „Фінал чатырох” SEHA-лігі
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова выйшаў у „Фінал чатырох” дзявятага сезону SEHA-лігі. У матчы ў адказ чвэрцьфінала берасцейцы ў Запарожжы ўпэўнена перамаглі ўкраінскага чэмпіёна „Матор” з лікам 33:28. У першай гульні, якая адбылася 4 сакавіка ў Берасці, чэмпіёны Беларусі выйгралі з перавагай у два мяча — 30:28. Адзін з лідараў берасцейскай дружыны Мікіта Вайлупаў 8 разоў трапіў у брамку супернікаў і са 103 галамі ўзначальвае бамбардзірскую гонку SEHA-лігі. У складзе „Матора” 7 разоў адзначыўся беларус Барыс Пухоўскі, Максім Бабічаў закінуў 4 мячы. Пераможцы чвэрцьфінальнай стадыі атрымліваюць пуцёўкі ў вырашальны этап турніру – „Фінал чатырох”, які пройдзе 3-5 красавіка ў харвацкай Задарэ.
Ёханэс Бё выйграў спрынт на этапе Кубка свету па біятлоне ў Кантыялахці
Нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё заняў першае месца ў спрынце на восьмым этапе Кубка свету, які праходзіць у фінскім Кантыялахці. Нарвежац без промахаў пераадолеў спрынтарскую гонку ў 10 км за 22 хвіліны 27,8 секунды. Другое месца заняў француз Мартэн Фуркад з адставаннем 21,1 секунды – ён таксама страляў бездакорна. На трэцяй пазіцыі размясціўся яго партнёр па камандзе Эмільен Жаклен з адставаннем 22,3 секунды. Лепшы вынік сярод беларускіх хлопцаў паказаў Антон Смольскі – 16-е месца. Сяргей Бачарнікаў размясціўся на 34-й пазіцыі, Раман Елетнаў стаў 39-м, Максім Верабей — 85-м. Усяго фінішавалі 100 спартоўцаў. Працягнуцца спаборніцтвы сёння спрынтам у жанчын. Гонкі пераследу пройдуць 14 сакавіка. Завершыцца этап Кубка свету 15 сакавіка сінгл-мікстам і змяшанай эстафетай.
Данецкі „Шахцёр” перамог у першым матчы 1/8 фіналу Лігі Еўропы
Футбалісты данецкага „Шахцёра” абыгралі нямецкі „Вольфсбург” з лікам 2:1 у першым матчы 1/8 фіналу Лігі Еўропы. Выступаючы ў гасцях, чэмпіёны Украіны перамаглі дзякуючы двум галам бразільцаў. У першай палове вызначыўся Жуніёр Мараес, а пасля перапынку Антоніа Маркас забіў пераможны гол. Сустрэча ў адказ павінна адбыцца 19 сакавіка на поле „Шахцёра”. Сярод іншых вынікаў стартавых паядынкаў 1/8 фіналу адзначу таксама разгром, які ўчыніў „Манчэстар Юнайтэд” аўстрыйскаму клубу ЛАСК – 5:0. Швейцарскі «Базэль» буйна абыграў у гасцях нямецкі „Айнтрахт» 3:0. грэцкі „Алімпіякас” і англійскі „Вулверхэмптан” згулялі ўнічыю – 1:1, шатландскі „Глазга Рэйнджэрс” саступіў нямецкаму „Баеру” – 1:3. Матчы „Інтэра” і „Хетафе” ды „Севільі” з „Ромай” перанесены з-за пагрозы каранавіруса.
Беларускае Радыё Рацыя
