„БНТУ”-БелАЗ прайграў „Гранальерсу”



Гандбалісткі „БНТУ-БелАЗа” пацярпелі паразу ад іспанскага „Гранальерса” у гасцявым матчы 1/16 фіналу Кубка выкліку. У першым тайме падначаленыя Канстанціна Шараварава саступілі суперніцам 9 мячоў – 11:20. Пасля перапынку віцэ-чэмпіёнкі Беларусі згулялі мацней і да фінальнай сірэны скарацілі разрыў да 5 мячоў — 29:34. Самай выніковай у складзе „БНТУ-БелАЗа” стала Марыя Канавал, якая закінула 6 мячоў, на гол менш у актыве Рэгіны Кудраўцавай. Матч у адказ за выхад у 1/8 фіналу адбудзецца 16 лістапада ў Менску. У 1/8 фіналу ўжо выйшлі сербскі „Зайчар”, партугальскі „Барош” і харвацкі „Б’елавар”.

Юнацкая футбольная зборная стала 3-й на турніры развіцця

Юнацкая зборная Беларусі да 15 гадоў заняла 3-е месца на турніры развіцця, які завяршыўся ў футбольным манежы Асацыяцыі Беларуская федэрацыя футбола. У заключным паядынку беларускія футбалісты сустракаліся з аднагодкамі з Вугоршчыны і завяршылі асноўны час унічыю – 1:1. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку вугорцаў – 5:3. На старце спаборніцтваў падначаленыя Аляксандра Баранава разграмілі каманду Гібралтару з лікам 5:0, а затым саступілі армянскай дружыне з лікам 0:2. У іншым матчы заключнага гульнявога дня армяне разграмілі гібралтарцаў з лікам 4:0.

Шэсць футбалістаў „Дынама” Берасце выкліканыя на заключныя матчы зборнай

Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Міхаіл Мархель назваў канчатковы склад на лістападаўскія гасцявыя матчы з камандамі Нямеччыны і Чарнагорыі. У выязны спіс уключаныя 23 футбалісты. У тым ліку брамнік „Дынама” Берасце Аляксандр Гутар, яго калегі па клубу абаронцы Алег Вераціла і Аляксандр Паўлавец, паўабаронцы Сяргей Кісляк і Павел Няхайчык ды нападнік Дзяніс Лапцеў. Каманда будзе трэніравацца на комплексе футбольных палёў у Вяснянцы да 14 лістапада. Затым беларуская зборная адправіцца ў нямецкі Менхенгладбах, дзе 16 лістапада правядзе заключны адборавы матч Еўра-2020 з камандай Нямеччыны. Пасля беларусы перамесцяцца ў Падгорыцу, дзе 19 лістапада правядуць апошні сёлета таварыскі матч са зборнай Чарнагорыі.

Лепшы бамбардзір Малдовы будзе гуляць за «Шахцёр»

Беларускі паўабаронца Юры Кендыш падпісаў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”. Тэрмін пагаднення разлічаны да канца 2022 года, перадае pressball.by. Кендыш вядомы беларускім заўзятарам па выступах за менскі „Партызан”, жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, мазырскую „Славію”, „Дынама-Берасце” і БАТЭ. У Літве паўабаронца гуляў у „Тракаі” і „Жальгірысе”. Да пераходу ў салігорскую каманду Юрый абараняў колеры „Шэрыфа”, у складзе якога ў гэтым сезоне стаў чэмпіёнам Малдовы і лепшым бамбардзірам першынства, забіўшы 13 мячоў.

Беларускае Радыё Рацыя