Боян Насціч перайшоў з БАТЭ ў „Ягелонію”



БАТЭ і „Ягелонія” ўрэгулявалі ўсе дэталі пераходу Бояна Насціча, які падпісаў кантракт з клубам з Беластока, паведамляе fcbate.by. У сезоне-2020 баснійскі абаронца БАТЭ быў на ўвазе: у мінулым чэмпіянаце Беларусі ён аддаў 10 галявых перадач.

Кантракт з БАТЭ заключыў 37-гадовы Павел Рыбак, які перайшоў у стан „жоўта-сініх” з „Іслачы” – за каманду з Менскага раёна ён выступаў у мінулым годзе.

Дзмітрый Анцілеўскі, нягледзячы на ​прапановы ад іншых клубаў, прыняў рашэнне аб працягу супрацоўніцтва з ФК „Тарпеда”-БелАЗ. У мінулым чэмпіянаце нападнік правёў за „чорна-белых” 25 гульняў, у якіх забіў 7 галоў і аддаў 6 выніковых перадач

Этап Кубка свету па фрыстайле ў Раўбічах пройдзе без гледачоў

Як стала вядома pressball.by, этап Кубка свету па лыжнай акрабатыцы ў Раўбічах пройдзе без гледачоў. Рашэнне прынята ў сувязі з мерамі па забеспячэнні бяспекі і прадухіленні распаўсюджвання віруса COVID-19. Кубак свету ў Раўбічах адбудзецца 30-31 студзеня. У спаборніцтвах прымуць удзел прадстаўнікі 11 краін.

У Мікалая Казекі дыягнаставалі каронавірус

Галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека праходзіць лячэнне ад каронавіруса ў адной з лякарняў Менска. У жніўні Мікалай Казека выказаўся супраць гвалту і фальсіфікацый, у верасні быў пазбаўлены імянной стыпендыі, а ў лістападзе яго не ўзялі на збор нацыянальнай каманды па фрыстайле. Сярод падпісантаў звароту былі таксама зорныя выхаванцы Мікалая Іванавіча – Аляксандра Раманоўская і Ганна Гуськова. Вучні Мікалая Казекі заваявалі толькі на зімовых Алімпійскіх гульнях сем медалёў рознай вартасці, у тым ліку чатыры залатыя.

„Рух” адправіўся ў Турцыю. Раней Мінспорту не пусціла туды БАТЭ

Берасцейскі „Рух” вылецеў у Турцыю. Пра гэта паведаміў журналіст Мікалай Іваноў у сваім телеграме. Зборы будуць праходзіць у Анталлі. „Рух” стаў другім клубам, які адправіўся за мяжу. Зараз у ААЭ трэніруецца „Шахцёр”. Раней Мінспорту не ўзгадніў для БАТЭ выезд у Турцыю на збор у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце, выкліканай распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі COVID-19.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by