Брамнік менскага „Дынама” Патрык Рыбар у матчы з „Тарпеда” ўстанавіў клубны рэкорд



Брамнік менскага „Дынама” Патрык Рыбар у матчы з „Тарпеда” ўстанавіў клубны рэкорд, адбіўшы 53 кідкі ў брамку. Да ўчарашняга паядынку рэкорд належаў Роберту Эшу, які ў 2010 годзе адбіў 48 кідкоў па сваёй брамцы.

Ёсіп Ілічыч прадоўжыць кантракт з „Аталантай” да 2024 года

Нападнік „Аталанты” Ёсіп Ілічыч падоўжыць кантракт з клубам. Бергамаскі ўжо ўзгаднілі з 33-гадовым славенцам падаўжэнне пагаднення да 2024 года. Цяпер клуб пачаў перамовы па новых кантрактах з Робінам Госэнсам, Гансам Хатэбурам і Рэма Фройлерам. Ілічыч выступае за „Аталанту” з ліпеня 2017 года. У сезоне-2021/22 форвард правёў 14 матчаў за каманду, на яго рахунку 4 галы і 2 дзейсныя перадачы.

„Аль-Сад” афіцыйна адпусціў Хаві ў „Барселону”

„Аль-Сад” абвясціў аб дасягненні дамоўленасці з „Барселонай” аб сыходзе трэнера Хаві. Катарскі клуб паведаміў, што каталонцы выплацяць адступныя за разрыў кантракта спецыяліста. Яны складаюць 5 млн еўра. Хаві большую частку кар’еры гуляў за „Барселону” (1998-2015) і заваяваў з клубам 25 трафеяў, уключаючы 4 перамогі ў Лізе чэмпіёнаў і 8 тытулаў чэмпіёнаў Іспаніі.

Мінюст ініцыяваў ліквідацыю Беларускай асацыяцыі кёрлінгу

Мінюст ініцыяваў ліквідацыю грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя кёрлінгу». Разгляд справы аб ліквідацыі адбудзецца ў Вярхоўным судзе 16 лістапада. Справу будзе разглядаць суддзя Філіпчык. Раней Рада федэрацыі планавала правесці 30 лістапада справаздачна-выбарную канферэнцыю, на якой хацелі заслухаць справаздачы старшыні і рэвізійнай камісіі аб праведзенай працы за апошнія 6 гадоў, а таксама абраць новае кіраўніцтва арганізацыі.

Абаронца «Гомеля» Лявіцкі ўпершыню ў кар’еры выкліканы ў зборную Беларусі

Абаронца «Гомеля» Дзяніс Лявіцкі ўпершыню ў кар’еры выкліканы ў размяшчэнне зборнай Беларусі. Каманда Георгія Кандрацьева 13 лістапада згуляе з Уэльсам у рамках адбору да ЧС-2022, а 16 лістапада правядзе таварыскую гульню з Іарданіяй. Лявіцкі ў гэтым сезоне правёў 21 матч за „Гомель” у чэмпіянаце, забіў 1 мяч і зрабіў 3 галявыя перадачы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя