Бронзавыя Нідэрлянды



Упершыню ў гісторыі футбольных чэмпіянатаў свету бронзавыя ўзнагароды заваявала дружына Нідэрляндаў. У матчы за 3-е месца каманда трэнера Луі Ван Гала ўпэўнена адолела Бразілію 3:0.

Нягледзячы на заявы прадстаўнікоў “аранье” пра непатрэбнасць суцяшальнага матчу, на поле яны выйшлі досыць мабілізаванымі. Пра сур’ёзнасць намеру сведчыў і асноўны склад, у якім адбыліся толькі дзве, і то змушаныя, змены. Замест “хрыбетнікаў” Найджэла дэ Ёнга і Уэслі Снайдэра выйшлі Ёрдзі Класі і Джонатан дэ Гузман.

Ужо на 3-й хвіліне Робін ван Персі ўпэўнена рэалізаваў пенальці, які быў прызначаны за фол супраць Ар’ена Робэна. Гэта быў 49-ы гол лепшага снайпера нацыянальнай дружыны ў гісторыі Нідэрляндаў. Грубейшую пазіцыйную памылку і парушэнне перад гэтым здзейсніў Ціага Сільва, які ўпусціў Робэна. А на 17-й хвіліне цырк зладзіў іншы абаронец “селесао” Давід Луіс, які падарыў мяч Дэйлі Блінду. Абаронец “аранжавых”, якія ў гэты дзень гулялі ў рэзервовай сіняй формай, не стаў адмаўляцца ад такой ласкі і закалаціў мяч пад папярэчыну.

У другім тайме еўрапейцы спакойна ўтрымлівалі сваю перавагу і ў канцоўцы канчаткова дэкласіравалі бразільскую дружыну: імклівую троххадоўку Робэн – Дэрыл Янмаат вынікова завяршыў хаўбек Джарджыньё Вейналдзюм – 3:0. У двух сама важных матчах мундыялю гаспадары турніру прапусцілі ажно 10 мячоў. Луіс-Фелепе Скалары пакідае зборную Бразіліі з апушчанай галавой. А вось Луі ван Гал развітваецца з “аранье” на высокай мажорнай ноце. На апошніх секундах матчу за 3-е месца ён зрабіў і прыгожы жэст – выпусціў на поле трэцяга рэзервовага брамніка Міхела Форма. Такім чынам на мундыялі згулялі і ўвайшлі ў гісторыю ўсе 23 гульцы каманды.

Уладзімір Хільмановіч,Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя