CAS адмяніў двухгадовае адхіленне „Манчэстэр Сіці” ад еўракубкаў



Спартовы арбітражны суд (CAS) задаволіў апеляцыю англійскага футбольнага клуба „Манчэстэр Сіці” на рашэнне УЕФА аб адхіленні каманды ад еўракубкаў на два сезоны.

Арбітражная палата інстанцыі УЕФА па фінансавым кантролі клубаў (CFCB) 14 лютага прыняла рашэнне адхіліць „Манчэстэр Сіці” ад удзелу ў еўракубках з-за парушэнняў фінансавага fair play, якія былі здзейснены з 2012 па 2016 год. Клуб абвінавачваўся ў завышэнні спонсарскіх даходаў. На клуб таксама быў накладзены штраф у памеры €30 млн. Цяпер штраф быў скарочаны да €10 млн.

Беларускія шашысты саступілі Украіне і Манголіі ў сёмым туры Кубка нацый

Беларускія шашысты прайгралі ў сёмым туры анлайн-турніру Кубка нацый. Спаборніцтвы праходзяць па 100-клетачных шашках пад эгідай Сусветнай федэрацыі шашак (FMJD). У мужчынскім турніры не задаўся ў беларускай мужчынскай зборнай сёмы раунд, які яны прайгралі Украіне з лікам 0:8. Беларуская каманда размяшчаецца на чацвёртым месцы, набраўшы 10 ачкоў. Лідзіруе Расея (12 балаў). У жаночых спаборніцтвах беларускі прайгралі спартоўкам з Манголіі – 2:6. На дадзены момант жаночая зборная Беларусі набрала сем балаў і займае пятае месца. На першай пазіцыі размясцілася каманда з Расеі (14 пунктаў).

Пераможцы парнай гонкі чэмпіянату Беларусі па веласпорце на шашы вызначаны ў Мазыры

Пераможцы парнай гонкі чэмпіянату Беларусі па веласпорце на шашы вызначаны ў Мазыры. У спаборніцтвах мужчын чэмпіёнамі краіны сталі гарадзенскія спартоўцы Яўген Каралёк і Міхаіл Шэметаў, якія апярэдзілі гамяльчан Антона Музычкіна і Рамана Цішкова і бронзавых прызёраў менчукоў Сяргея Папка і Васіля Бяляўскага. У жанчын не было роўных Таццяне Шараковай і Анастасіі Кіпцікавай з Віцебскай вобласці. На другой пазіцыі мянчанкі Ганна Церах і Аліна Абраменка. Бронза на рахунку гамяльчанак Іны і Караліны Савянко.

Таксама падчас спаборніцтваў былі праведзены этапы Кубка Беларусі ў групавой гонцы і чэмпіянату краіны ў крытэрыуме у мужчын і жанчын. У першым з гэтых відаў праграмы не было роўных берасцейцу Яўгену Собалю. Серабро ў Рамана Цішкова, трэцяе месца заняў Міхаіл Шэметаў. У жаночых стартах перамагла спартоўка з каманды Берасцейшчыны Дар’я Дэкола. Сярэбраную ўзнагароду заваявала Аліна Абраменка, а замкнула тройку наймацнейшых Таццяна Шаракова.

Завяршыліся спаборніцтвы ў Мазыры гонкай-крытэрыумам. У мужчынскіх спаборніцтвах перамог Сяргей Папок. Аляксей Шнырко з Менскай вобласці і мазыранін Раман Раманаў сталі другім і трэцім адпаведна. Сярод жанчын не было роўных Ганне Церах. Серабро ў Анастасіі Кіпцікавай, бронза дасталася Іне Савянко.

Юрген Клоп зацікаўлены ў працы са зборнай Германіі

Галоўны трэнер „Ліверпуля” Юрген Клоп можа ў будучыні ўзначаліць зборную Германіі, сцвярджае нямецкі журналіст Крысціян Фальк. 53-гадовы спецыяліст зацікаўлены ў працы з нацыянальнай камандай пасля заканчэння кантракта з мерсісайдцамі. Нямецкі футбольны саюз таксама разглядае варыянт супрацоўніцтва з Клопам. Цяперашнім трэнерам зборнай Германіі з’яўляецца Ёахім Леў. Раней нямецкі спецыяліст паведаміў, што мае намер адпрацаваць свой кантракт з „Ліверпулем” і вярнуцца ў Нямеччыну.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: globallookpress