Чаму “Зубры” патрапілі ў крызіс?



Хакейны заўзятар са стажам і старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, распавёў, чаму “буксуе” хакейнае менскае “Дынама”.

Учора “Зубры” ў чарговы раз прайгралі (маскоўскаму “Дынама” – 1:3), і гэта стала сёмым паражэннем запар.

Вядомы трэнер Уладзімір Крыкуноў, які ў свой час быў настаўнікам нацыянальнай зборнай Беларусі, а зараз узначальвае маскоўскае “Дынама”, пра праблемы беларускага клуба выказаўся коратка: “Хакеем павінны кіраваць хакеісты, а не генералы”.

Нагадаем, старшынёй Назіральнай рады ХК „Дынама-Мінск” з’яўляецца міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, генеральным дырэктарам – былы намеснік міністра унутраных спраў Беларусі Анатоль Курылец.

Анатоль Шумчанка: Уладзімір Крыкуноў вельмі трапна выказаўся пра сітуацыю ў “Дынама”, і, мяркуючы па тым, як на яго словы адрэагавалі балельшчыкі, усе падтрымалі знакамітага спецыяліста. Спортам павінны і на самай справе кіраваць прафесіяналы, а не адстаўныя і дзеючыя сілавікі.

Але, натуральна, праблема больш шырокая. Найперш, як мне падаецца, канадскі трэнер зусім не кантралюе сітуацыю. Усе тыя праблемныя моманты, што былі ў мінулым сезоне, паўтараюцца і ў гэтым. Нічога не змянілася. Каманда пакутуе, а не гуляе. А галоўны трэнер Гордзі Дуаер, відаць, не бачыць, як пераламіць сітуацыю. Замест камбінацыйнага хакея навязвае стыль “кідай і бяжы”. Многія ігракі проста не могуць раскрыцца. Увогуле, канадскія спецыялісты не зусім добра разумеюць той хакей, які ёсць у нас.

РР: А кіраўніцтва клуба не вінаватае?

Анатоль Шумчанка: Як мне падаецца, пасля гучных крымінальных спраў у “Дынама” сілавікоў паставілі кіраваць клубам, каб тыя кантралявалі бюджэтныя фінансавыя патокі, што ідуць у хакей. Прасцей кажучы, каб не кралі грошы. Але, як правільна сказаў Крыкуноў, яны – не прафесіяналы ў хакеі, а таму маем тое, што маем.

РР: Сезон для “Дынама” ўжо страчаны?

Анатоль Шумчанка: Не, але толькі ў тым выпадку, калі ў гульні каманды адбудуцца рэальныя змены. Па некаторай інфармацыі, канадскага трэнера ў бліжэйшы час усё-такі адправяць у адстаўку,а на яго месца можа прыйсці беларускі спецыяліст.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя