ЧЕ. Нідэрлянды – Беларусь – 4:0



У першым адборавым матчы да чэмпіянату Еўропы 2020 года футбольная зборная Беларусі саступіла ў Ротэрдаме дружыне Нідэрляндаў – 0:4.

„Аранье” адкрылі лік ужо на першай хвіліне пасля жудаснай адкідкі Ігара Шытава мяча брамніку Андрэю Гарбунову. На 53-й секундзе (!) вызначыўся Мемфіс Дэпай. У сярэдзіне першага тайма пасля тэхнічнай камбінацыі гаспадароў поля і развалу беларускай абароны Вейналдзюм падвоіў лік.

У другім тайме галяндцы працягвали дыктаваць свае ўмовы і пасля фолу атрымалі права на пенальці, які ўпэўнена рэалізаваў Дэпай. Так на 55-й хвіліне лік стаў 3:0, справа была зроблена.

На 78-й хвіліне Ігар Стасевіч мог забіць мяч прэстыжу, але яго ўдар парыраваў галкіпер супернікаў. Пасля гэтага беларускую каманду ад чарговага голу выратаваў брамнік Андрэй Гарбуноў, але ўслед галяндцы ўсё ж арганізавалі чацвёрты гол. Трэба дадаць, што значную частку другога тайма галяндцы гулялі ў меншасці пасля траўмы аднога з гульцоў (а замены ўжо былі вычарпаны).

У самай канцоўцы добры момант забіць змарнаваў Павел Савіцкі. На тым гульня была скончана.

У нашай групе Паўночная Ірляндыя перамагла Эстонію 2:0

З іншых матчаў дня варта вылучыць сенсацыйны разгром Казахстанам зборнай Шатляндыі – 3:0. Дружына Бельгіі дома ўпэўнена перамагла Расею – 3:1. Зборная Польшчы гуляла на выездзе з Аўстрыяй і выйграла 1:0.

Беларускае Радыё Рацыя