ЧЕ. Паўночная Ірляндыя – Беларусь – 2:1



Зборная Беларусі правяла свой другі матч у адборавым турніры да чэмпіянату Еўропы. На гэты раз у Белфасце каманда Ігара Крывушэнкі гуляла з дружынай Паўночнай Ірляндыі і пацярпела чарговую паразу – 1:2.

У першым тайме выразна дамінавалі гаспадары поля і дамагліся на 30-й хвіліне поспеху. Аднак, першы ж стрэл беларусаў па браме суперніка прынёс раўнавагу. Гэта Ігар Стасевіч стрэліў з улюбёнай пазіцыі, а мяч пасля рыкашэту заляцеў у сетку ольстарцаў – 1:1.

У другім тайме каманды стварылі больш вострых момантаў. Аднак, бліжэй да канца сустрэчы беларуская каманда зусім адмовілася ад атакі і стала гуляць на ўтрыманне нічыйнага ліку. За што і лагічна паплаціліся – на 87-й хвіліне паўночныя ірляндцы арганізавалі гол – вызначыўся Маджэніс.

На апошніх секундах Павел Няхайчык мог прынесці ачко нашай камандзе, але гаспадароў поля ўратаваў брамнік.

У цэлым вынік абсалютна справядлівы: за матч ірляндцы здзейснілі 15 удараў, беларусы – толькі 5.

У гэтай жа групе Германія ў самай канцоўцы вырвала тры ачкі на полі Нідэрляндаў – 3:2.

З матчаў іншых груп варта адзначыць важкую вікторыю Ізраіля над Аўстрыяй – 4:2. Ізраіль на пэўны момант выйшаў у дідары сваёй групы. Але пазней рэпрэзентацыя Польшчы ў другім тайме здолела даціснуць дружыну Латвіі – 2:0 (галы на рахунку Роберта Левандоўскага і Каміля Гліка). Польшча набрала 6 ачкоў і лідзіруе ў сваёй кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя