Чэмпіянат свету: хто паедзе ў Расею?



Адборавы турнір да чэмпіянату свету, фінальная стадыя якога пройдзе ў Расеі летам 2018 года, падыйшоў да сваёй кульмінацыі. 8 дружын ужо зарэзервавалі сабе пуцёўкі на мундыяль. Ад Азіі, дзе ўжо завяршылася кваліфікацыя, выйшлі зборныя Японіі, Паўднёвай Карэі, Савудаўскай Арабіі і Ірана. Аўстралія, якая паводле спартовага прынцыпу далучана да азіяцкага пулу, пазмагаецца за шчаслівы квіток у стыку з Сірыяй. Ад Паўднёвай Амерыкі пропуск ужо атрымала зборная Бразіліі, ад Паўночнай – Мексікі. Расея атрымала месца як гаспадар першынства.

У Еўропе агулам разыгрываюцца 14 месцаў на чэмпіянат, такая квота адведзена ФІФА нашаму кантыненту. Зборная Беларусі даўно страціла практычныя, а цяпер ужо і тэарэтычныя шанцы трапіць на форум, а вось нашы суседзі – Польшча і Ўкраіна рэальна туды прэтэндуюць. Разгледзім іхныя шанцы, а таксама стаўкі іншых дружын старога свету, прааналізаваўшы турнірны стан у групах за 2 туры да завяршэння адбору. Нагадаем, што наўпрост у фінальную частку выйдуць 9 пераможцаў групаў, лепшая каманда з ліку другіх месцаў, а таксама яшчэ 4 каманды, якія перамогуць у стыкавых матчах васьмі спаборнікаў з другіх пазіцый у групах.

Група А: 1. Францыя – 17 ачкоў, 2. Швецыя – 16, 3. Нідэрлянды – 13, 4. Балгарыя – 12, 5. Люксембург – 5, 6. Беларусь – 5.

Поўным правалам скончыўся адбор для беларускай дружыны, а вось Люксембург парадаваў сваіх заўзятараў. Люксы правалілі толькі выяздны матч з “аранье”, ва ўсіх астатніх змагаліся з супернікамі на роўных. Балгарыя мае толькі прывідныя шанцы на плэй-оф, няшмат іх і ў галяндцаў, якія перажываюць эпоху спаду. Па ўсёй імавернасці першыя два месцы размяркуюць паміж сабой Францыя і Швецыя. Трохкаляровым засталося згуляць на выездзе з Балгарыяй і дома з Беларуссю. “Трэ крунур” дома належыць перамагчы Люксембург, а потым адбіцца ці ўтрымацца ў Галяндыі.

Група В: 1. Швайцарыя – 24 ачкі, 2. Партугалія – 21, 3. Венгрыя – 10, 4. Фарэрскія выспы – 8, 5. Андора – 4, 6. Латвія – 3.

З самага старту фаварыты ўпэўнена набіралі свае пункты і не далі іншым апанентам ніякіх рэальных шанцаў. У непасрэднай бітве на старце верх узялі гельветы і цяпер яны – галоўны прэтэндэнт на першае месца. Не выключана, аднак, што і другі калектыў з гэтага пулу выйдзе ў фінальную частку наўпрост – па лепшых паказніках. Уражвае каласальны адрыў ад 3-га месца – ажно 11 ачкоў (!). На жаль, мадзьяры, якія някепска глядзеліся на мінулым Еўра, не здолелі скласці належную канкурэнцыю. Могуць быць задаволеныя “авечыя астравы”, а вось нашы паўночныя суседзі – латвійцы выглядаюць, як і беларусы, зусім нягегла. Партугальцы напэўна без праблем возьмуць 3 ачкі ў Андоры, а потым павінны біцца на сваім полі за першынства з швайцарцамі. Перад гэтым Швайцарыя спаткаецца дома з венграмі.  

Група С: 1. Германія – 24, 2. Паўночная Ірляндыя – 19, 3. Азербайджан – 10, 4. Чэхія – 9, 5. Нарвегія – 7, 6. Сан-Марына – 0.

У гэтай кампаніі, на дзіва, усё ўжо фактычна вырашана. Тое, што Нямеччына першынствуе, ні ў каго не выклікае сумневу (хоць тэарэтычныя шанцы ў бундэстым зваліцца на другое месца ёсць). А вось другая пазіцыя Паўночнай Ірляндыі з такім адрывам – проста фантастыка. Ні Чэхія, ні Нарвегія не змаглі нават навязаць барацьбы брытанцам. Азербайджан, які сёлета адправіў прадстаўніка ў Лігу чэмпіёнаў, ужо можа быць задаволены выступам і сваёй нацыянальнай зборнай.

Група D: 1. Сербія – 18, 2. Уэльс – 14, 3. Ірляндыя – 13, 4. Аўстрыя – 9, 5. Грузія – 5, 6. Малдова – 2.

У гэтым сэкстэце чакалася, што чатыры дружыны будуць дзяліць дзве запаветныя пуцёўкі. Нечакана галоўным прэтэндэнтам выступіла каманда Сербіі, якая даўно не прэтэндавала на выхад у топ-турніры. У апошнім туры сербы заваявалі важнейшыя тры пункты на полі Ірляндыі, істотна панізіўшы шанцы “зялёных”. З трэскам правалілася Аўстрыя, якая выглядала сімпатычна на мінулым Еўра. З дзвюх брытанскіх зборных перавага на баку валійцаў. Сербам засталося згуляць на выездзе з Аўстрыяй і дома з Грузіяй, так што адной нагой балканцы ўжо ў Расеі, дзе іх прымуць без сумневу як мала каго цёпла. Уэльс і Ірляндыя ў заключным туры вызначаць другога “нялішняга”.

Група Е: 1. Польшча – 19, 2. Чарнагорыя – 16, 3. Данія – 16, 4. Румынія – 9, 5. Арменія – 6, 6. Казахстан – 2.

Адна з сама цікавых групаў. Здавалася, упэўненаму лідарству Польшчы нічога не пагражала, аднак яе параза ў Даніі з разгромным лікам 0:4 заблытала сітуацыю. Заўчасна ў гэтай сама роўнай групе адпала толькі Румынія У апошнім туры усе прэтэндэнты на выхад упэўнена ўзялі па тры ачкі. Што на фінішы? Расклад гульняў такі:

5 кастрычніка. Арменія-Польшча, Чарнагорыя-Данія;

8 кастрычніка. Польшча-Чарнагорыя, Данія-Румынія.

Спрагназаваць хто зойме два верхнія радкі турнірнай табліцы надзвычай цяжка.

Група F: 1. Англія – 20, 2. Славаччына – 15, 3. Славенія – 14, 4. Шатляндыя – 14, 5. Літва – 5, 6. Мальта – 0.

Англія як заўсёды паспяховая ў кваліфікацыйным адборы, а пасля бездапаможная ў фінальных стадыях. Першае месца ў групе каманда “трох ільвоў” канешне ўтрымае, што будзе далей – пакажа лета 2018-га. А вось за другое месца пад занавес чакаецца сапраўдная бітва.

5 кастрычніка. Англія-Славенія, Шатляндыя-Славаччына

8 кастрычніка. Славенія-Шатляндыя, Славаччына-Мальта

Найлепшыя шанцы на другое месца ў славакаў, але галоўнае, што лёс кожнага з спаборнікаў у яго ўласных руках.

Група G: 1. Іспанія – 22, 2. Італія – 19, 3. Албанія – 13, 4. Ізраіль – 9, 5. Македонія – 7, 6. Ліхтэнштайн – 0.

У гэтай кампаніі таксама ўсё ясна як Божы дзень. Доўгі час фаварыты ішлі наздра ў наздру, пакуль у асабістым спатканні “чырвоная фурыя” абсалютна дэкласавала апенінцаў. Іспанія ў поўным парадку і, праўдападобна, на гэты момант з ёй на роўных можа згуляць толькі Нямеччына. Што датычыць “скуадры адзурры” – то ніжэй другой пазіцыі яна не можа апусціцца. Прыпомнім таксама, што 2018 год – менавіта італійскі цыкл (1970 год Італія – фіналіст мундыялю, 1982 – чэмпіён, 1994 – фіналіст, 2006 – чэмпіён, 2018-?).

Група H: 1. Бельгія – 22, 2. Боснія і Герцагавіна – 14, 3. Грэцыя – 13, 4. Кіпр – 10, 5. Эстонія – 8, 6. Гібралтар – 0.

Бельгійцы першымі з еўрапейцаў датэрмінова вырашылі ўсе заданні і цяпер у апошніх матчах могуць спакойна правяраць рэзерв. Баснякі няўдала стартавалі, але потым дагналі і перагналі сваіх супернікаў. Для іх лідара – лепшага бамбардзіра нацыянальнай дружыны ў гісторыі Эдзіна Джэка – выйсці на мундыяль – шанец трапіць на свой другі чэмпіянат свету. Аднак у грэкаў лягчэйшы каляндар – выезд на Кіпр і хатняя “гарантыйная” гульня з Гібралтарам. У Босніі – спабор дома з нематываванай Бельгіяй і выезд у Эстонію.

Група І: 1. Харватыя – 16, 2. Ісляндыя – 16, 3. Турцыя – 14, 4. Україна – 14, 5. Фінляндыя – 7, 6. Косава – 1.

Цэлы квартэт спаборнікаў з высокімі стаўкамі дагэтуль рэальна мае шанцы здабыць квіткі на мундыяль. Фінішная заблытанасць календара не дазваляе адназначна кагосьці з яго адсеяць.

6 кастрычніка. Харватыя-Фінляндыя, Турцыя-Ісляндыя, Косава-Україна

9 кастрычніка. Україна-Харватыя, Фінляндыя-Турцыя, Ісляндыя-Косава.

Рызыкну спрагназаваць, што першынствуюць тут харваты, а другое месца возьмуць ісляндцы, якія нарабілі столькі пазітыўнага шуму на мінулым Еўра. У украінцаў, на жаль, пакуль дастаткова “сырая” і незбалансаваная дружына.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя