Чэмпіён здае пазіцыі?



Былы футбаліст менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў распавядае пра тое, чаму знізіў абароты нязменны беларускі футбольны лідар апошніх гадоў.

Шматразовы чэмпіён Беларусі па футболе – барысаўскі БАТЭ – у гэтым годзе мае ўсе шанцы пакінуць “залаты” п’едэстал, хаця, натуральна, уся барацьба за медалі яшчэ наперадзе. У апошнім туры чэмпіяната краіны барысаўчане нечакана прайгралі “Менску” – 0:1, а напярэдадні “праляцелі” і з групавым этапам Лігі чэмпіёнаў.

Зрэшты, у БАТЭ яшчэ застаецца шанц патрапіць у групавы этап Лігі Еўропы. Сапернікам беларускай каманды ў плэй-оф будзе ўкраінская каманда “Александрыя”, з ёй барысаўчане згуляюць за выхад у групавы раўнд еўракубка 17 і 24 жніўня.

Валерый Мельнікаў: БАТЭ шмат апошніх гадоў практычна без асаблівых складанасцей заваёўвае ў нацыянальным першынстве чэмпіёнства. Пастаянна выступае ў еўракубках, хаця ў розныя гады – з розным поспехам. І гэта псіхалагічна вельмі складана – пастаянна быць пад пільнай увагай, адпавядаць пэўным стандартам і таму ўзроўню, да якога ўжо падняліся. Кожная перамога над БАТЭ лічыцца ледзь не сенсацыяй, кожная гульня барчысаўчан – пад мікраскопам крытыкаў. Натуральна, што ў такой сітуацыі ў пэўны момант наступае псіхалагічны злом. У першую чаргу ў футбалістаў, якія не ў стане падтрымліваць узровень кожную гульню і кожны дзень. А трэба ж часам гуляць і праз “не магу”. Мне падаецца, што ў гульні барысаўчан апошнім часам з’явілася некаторая заспакоенасць. А сапернікі таксама не спяць у шапку. Кожнаму хочацца перамагчы чэмпіёна.

РР: Некаторыя лічаць, што крэсла пад галоўным трэнерам БАТЭ Аляксандрам Ермаковічам ужо хістаецца…

Валерый Мельнікаў: Не думаю, што ўся справа ў трэнеры. Тут трэба аналізаваць саму абстаноўку ў камандзе, якая, як мне падаецца, не заўсёды пад кантролем. Хаця, натуральна, любы настаўнік каманды павінен ведаць, што адказнасць будзе ў першую чаргу несці ён. Упэўнены, што Ермаковіч гатовы да любога развіцця падзей.

РР: У плэй-оф Лігі Еўропы БАТЭ згуляе з украінскай “Александрыяй”. Хто тут, на ваш погляд, фаварыт?

Валерый Мельнікаў: Мне падаецца, што шанцы ў каманд абсалютна роўныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя