Чэмпіёнамі Беларусі па шашках-64 сталі Ігар Міхальчанка і Вера Хвашчынская



Сталі вядомыя вынікі чэмпіянату Беларусі па шашках-64, які прайшоў у Менску. У мужчынскім турніры перамог міжнародны гросмайстар, дзейны чэмпіён свету і Еўропы Ігар Міхальчанка. Другое месца заняў Сяргей Садоўскі, трэцім стаў Андрэй Валюк. Сярод жанчын наймацнейшай стала другі нумар сусветнага рэйтынгу міжнародны гросмайстар Вера Хвашчынская. Сярэбраны медаль дастаўся Эме Саўрас, бронзавы – у Вікторыі Нікалаевай. Для абодвух чэмпіёнаў гэты нацыянальны тытул стаў дзявятым у кар’еры.

Юрый Паўлюкавец пакінуў жодзінскае „Тарпеда”

У сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракту жодзінскае „Тарпеда” пакінуў паўабаронца Юрый Паўлюкавец. Пра гэта паведамляюць сацсеткі „чорна-белых”. У мінулым сезоне гулец прыняў удзел у 19 матчах чэмпіянату краіны і не адзначыўся выніковымі дзеяннямі.

Сербскі абаронца Аляксандр Філіпавіч працягнуў кантракт з БАТЭ. Пагадненне разлічана да канца сезона-2022, паведамляе прэс-служба барысаўчан. Філіпавіч выступае за БАТЭ з 2018 года. У мінулым сезоне ён правёў 27 матчаў, забіў гол і аддаў дзве галявыя перадачы.

Арына Сабаленка захавала другое месца ў рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка пасля адкрытага чэмпіянату Аўстраліі засталася на другой пазіцыі ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі беларуская тэнісістка дабралася да 1/8 фіналу. Вікторыя Азаранка, якая таксама выбыла ў 4-м раундзе Australuan Open, узнялася на 18-ы радок, Аляксандра Сасновіч займае 73 месца, у Вольгі Гаварцовай 131-я пазіцыя, Юлія Гатоўка на 180-м месцы. Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) найлепшы з беларусаў Ілья Івашка займае 48-е месца, у Ягора Герасімава 104-я пазіцыя. Лідыруе па-ранейшаму серб Новак Джокавіч.

У Пекіне найбуйнейшая ўспышка COVID-19 за паўтара года, праз чатыры дні там стартуе Алімпіяда

У Пекіне выяўлена рэкордная колькасць выпадкаў заражэнняў на COVID-19 за апошнія паўтара года. Праз некалькі дзён у сталіцы Кітая павінна стартаваць Алімпіяда. Пра гэта паведамляе BBC. Пасля выяўлення чарговых 20 выпадкаў заражэння афіцыйныя асобы абвясцілі, што некаторыя раёны будуць зачыненыя на лакдаўн. Жыхары сталіцы Кітая павінны будуць прайсці праверку. Алімпійскія гульні пройдуць у Пекіне з 4 па 20 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]