ЧС па снукеры: нечаканасці чвэрцьфіналаў
У ноч з серады на чацвер вызначыліся ўсе паўфіналісты бягучага чэмпіянату сваету па снукеры. Найбольш драматычна склалася сустрэча паміж аўстралійцам Нілам Робэртсанам і ангельцам Бары Хоўкінсам. Для выяўлення пераможцы спатрэбіліся ўсе 25 партый. Пры ліку 12:12 у астатнім фрэйме больш удачлівым быў брытанец, які і выйшаў у паўфінал. Супернікам Хоўкінса там будзе тытулаваны Шон Мёрфі. Робэртсан жа, паказаўшы феерычную практычна ва ўсіх сваіх матчах гульню і выбіўшы найбольшы шэраг соценных брэйкаў , выбыў.
Мёрфі таксама ў вельмі змястоўным спаборы адолеў маладога шатляндаца Энтані Макгіла – 13:8. Цягам матчу доўга назіраўся парытэт. Магкіл – гэта сапраўднае адкрыццё турніру, ён яго пакідае заваяваўшы сімпатыі многіх прыхільнікаў снукеру.
Зусім непадобным на сябе выглядаў у заключнай сэсіі свайго чвэрцьфіналу пяцяразовы чэмпіён свету Роні О’Сайліван. У выніку нечаканая, але цалком заслужаная, перамога яго суайчынніка Сцюарта Бінэма – 13:9.
Толькі адзін чвэрцьфінал зусім ня меў інтрыгі. Джад Трамп (на фота) з Англіі разграміў кітайца Джуньху Дзіна – 13:4. Адпаведна ў паўфінале ён сустрэнецца з Бінэмам, які ўпершыню ў кар’еры выйшаў на такі пік.
Падсумоўваючы можна сказаць, што ў паўфіналы прабіліся толькі прадстаўнікі Англіі. З квартэту спаборнікаў на галоўны тытул сезона толькі Шон Мёрфі раней станавіўся чэмпіёнам свету (дзесяць гадоў таму). Менавіта ён зараз выглядае на асноўнага фаварыта, хоць перамагчы здольны кожны з чацвёркі выдатных снукерыстаў.
Беларускае Радыё Рацыя
