Даніэль Колінз згуляе з Эшлі Барці ў фінале турніру



Завяршыўся другі паўфінальны матч жаночага адзіночнага разраду на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе. У ім амерыканка Даніэль Колінз у двух сэтах перайграла польскую саперніцу Ігу Свёнтэк — 6:4, 6:1. У паядынку за тытул тэнісістка з ЗША будзе змагацца з гаспадыняй кортаў і першай ракеткай свету – аўстралійкай Эшлі Барці, якая ў сваім паўфінале перайграла амерыканку Мэдысан Кіз — 6:1, 6:3

Аксянцюк выдаў адзін з найлепшых матчаў у сезоне

У ECHL (трэцяя па сіле прафесійная ліга Амерыкі) адбыўся чарговы тур. „Айдаха” абыграў „Канзас Сіці” з лікам 9:4. У пераможцаў беларускі форвард Яўген Аксенцюк набраў 4 (2+2) ачкі, нанёс тры кідкі, зарабіў дзве хвіліны штрафу і „+2”. У яго актыве ў сезоне 26 (16+10) ачкоў у 24 гульнях, пры паказчыку карыснасці „+4”.

Месца правядзення чэмпіянату Еўропы па баскетболе 2025 года вызначаць у канцы сакавіка

Федэрацыя баскетбола (FIBA) вызначыць месца правядзення чэмпіянату Еўропы 2025 у канцы сакавіка. Заяўкі на правядзенне турніру падалі Расея, Латвія, Венгрыя і Украіна. Кіпр і Фінляндыя падалі заяўкі толькі на арганізацыю матчаў групавога этапа. Чэмпіянат Еўропы 2025 года запланаваны на верасень і пройдзе ў чатырох краінах, фінальны этап турніру пройдзе ў адной з іх.

Данецкі „Шахцёр” згуляе з „Марыупалем” замест салігорскага „Шахцёра”

Кантрольны матч данецкага „Шахцёра” з салігорскім «Шахцёрам», які павінен быў адбыцца 28 студзеня, адменены. Замест яго ў пятніцу каманда Раберта Дэ Дзербі правядзе таварыскую гульню з „Марыупалем”, паведамляе sport.ua.

Канстанцін Рудзянок вярнуўся ў „Іслач”

Канстанцін Рудзянок вярнуўся ў „Іслач”. Галкіпер падпісаў кантракт на адзін год. Рудзянок з’яўляецца выхаванцам гомельскай школы СДзЮШАР-8. У вышэйшай лізе Беларусі паспеў пагуляць за „Гомель”, „Нафтан”, „Слуцк”, сталічнае „Тарпеда”, берасцейскае і менскае „Дынама”, „Спадарожнік” і „Шахцёр”. На яго рахунку 93 матчы ў мацнейшым дывізіёне.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]