Домрачава: Біятлоннай „Гонкі легенд” сёлета не будзе



Біятлонная „Гонка легенд” сёлета праводзіцца не будзе. Пра гэта паведаміла беларуская біятланістка Дар’я Домрачава на сваіх старонках у сацыяльных сетках.

„Хутка верасень … і тут, у Раўбічах, усё (акрамя надвор’я) сёння нагадвае аб святочнай атмасферы Гонкі легенд 2015 і 2016. Мне прыходзіць мноства паведамленняў ад вас, а ў іх пытанне: ці адбудзецца „Гонка легенд” у верасні? Вырашыла напісаць адразу ўсім. У гэтым годзе Гонкі, якую мы ўсе ўжо так палюбілі, не будзе”, — адзначыла Домрачава.

Паводле яе слоў, прычына ў біятланістаў ўважлівая. „Гучыць яна так: Алімпійская зіма. Праца летам — гэта вынік зімой. Падрыхтоўка да любога сезона адымае шмат сіл, Алімпійскі сезон — асаблівы. Кожны дзень мы, біятланісты, працуем на поўную, а калі выпадаюць вольныя хвіліны, набіраем сіл для наступнай трэніроўкі. Увогуле, канцэнтруемся на галоўным. І ўся ўвага нашай федэрацыі — галоўнага арганізатара Гонкі — цяпер таксама накіравана на Гульні ў Карэі. Спадзяемся на ваша разуменне і верым, што сустрэнемся ў Раўбічах на „Гонцы легенд” восенню 2018-га”, — паведаміла Домрачава .

„Гонка легенд” праходзіла ў Раўбічах ў 2015 і 2016 гадах. Правядзенне гэтага фестывалю ў Беларусі стала магчымым у тым ліку дзякуючы асабістай ініцыятыве трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай. Мерапрыемства найперш арыентавана на прафесійных спартсменаў, якія завяршылі сваю кар’еру, але яшчэ могуць і хочуць паказваць спартыўныя вынікі на высокім узроўні.

belapan.by