Другая ліга-2021: у турніры выступяць 79 каманд



16 красавіка ў Доме футболу ў ходзе лёсавання быў сфармаваны каляндар чэмпіянату Беларусі-2021 сярод каманд другой лігі.

У трэцім дывізіёне краіны згуляюць 79 каманд практычна з усіх куткоў Беларусі. Турнір стартуе 1 мая і будзе падзелены на два этапы: абласны і фінальны. У ходзе абласнога этапу каманды будуць разбітыя на шэсць дывізіёнаў па геаграфічным прынцыпе. У сваю чаргу Берасцейскі, Віцебскі і Менскі дывізіёны будуць разбітыя на дзве падгрупы. Расклад гульняў можна паглядзець на сайце abff.by.

Стэфан Кары ўпершыню ў кар’еры набірае 30+ ачкоў у дзевяці матчах запар

Распасоўнік каманды НБА „Голдэн Стэйт” Стэфан Кары набраў 33 ачкі ў матчы з „Кліўлендам”. Такім чынам, серыя сустрэч, у якіх Кары набірае 30+ ачкоў цяпер складае 9 паядынкаў, што з’яўляецца рэкордам 2-разовага MVP. Сярэдняя выніковасць Кары падчас серыі – 38,2 бала.

НХЛ ссунула дату вяртання „Ванкувера” да матчаў пасля ўспышкі кавіда

Вяртанне „Ванкувера” да матчаў рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, намечанае на 16 красавіка, адкладаецца на больш позні тэрмін. Рашэнне лігі накіравана на тое, каб даць камандзе больш часу на аднаўленне пасля ўспышкі каронавіруса і падрыхтоўку да гульняў. Яно было прынята пры ўдзеле лекараў лігі, прафсаюза гульцоў і клуба. 22 хакеісты і 4 супрацоўнікі клуба здалі станоўчыя тэсты на COVID-19. Каманда не грае з 24 сакавіка. На гэтым тыдні „Ванкувер” атрымаў дазвол аднавіць трэніроўкі на лёдзе, і правёў першыя камандныя заняткі у сераду.

15-гадовая Лінда Фрухвіртава ўпершыню ў кар’еры выйшла ў чвэрцьфінал турніру ВТА

15-гадовая чэшская тэнісістка Лінда Фрухвіртава, якая атрымала уайлд-кард ад арганізатараў турніру ў Чарльстане, выйшла ў чвэрцьфінал, абыграўшы амерыканку Эму Навара (WC) з лікам 6: 4, 6: 2. Працягласць супрацьстаяння склала 1 гадзіну 28 хвілін. Фрухвіртава, якая займае 499-ы радок у рэйтынгу ВТА, упершыню ў кар’еры выйшла ў чвэрцьфінал турніру ВТА.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: footbik.by