Два розных „Дынама” – аднолькавы вынік



Два беларускія клубы правялі 13 чэрвеня першыя матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі Еўропы.

Менскае „Дынама” гасцявала ў Македоніі і змагалася з клубам „Работнічкі” з сталіцы Скоп’е. На 53-й хвіліне бела-блаткіным удалася выніковая атака – аўтарам забітага мяча на 53-й хвіліне стаў Уладзімір Хвашчынскі. Каманда Сяргея Гурэнкі магла святкаваць лакальны поспех і стварыць запас перад матчам у адказ, але не ўтрымала пераможны лік. У самай канцоўцы на 92-й хвіліне ў браму менчукоў прызначылі пенальці, які паспяхова рэалізаваў Боян Найдзёнаў. Выніковыя – 1:1.

Куды цяжэй давялося берасцейскаму „Дынама”, якое на выездзе ў мясцовасці Альтах супрацьстаяла аўстрыяцкай камандзе „Райндорф”. У стане прыбужскай каманды зараз кадравы і арганізацыйны крызіс. Вядома, што дакладна пакідае клуб галоўны трэнер Уладзімір Журавель, ужо ад’ехаў з Берасця адзін з ключавых гульцоў Мікіта Букаткін. У першым тайме дынамаўцы належна супраціўляліся райнскім „вяскоўцам”, часам імкліва контратакавалі.

Пасля ж перапынку перавага гаспадароў стала велізарнай. Яна ўвасобілася ў эстэтычны гол на 49-й хвіліне – Штэфан Нуц эфектна перакінуў французскага брамніка „Дынама” Жэрэмі Малерба. Далей галкіпер гасцей працаваў у поце твару. На шчасце для берасцейцаў аўстрыякі не рэалізавалі выгоднейшыя шанцы. А на 74-й хвіліне выдатная контратака ўдалася ўжо гасцям – бразільскі легіянер Нівалда птушкай праляцеў па левым фланзе і дакладна адпасаваў на аднаклубніка – Павал Сядзько не схібіў – 1:1. Далей на полі бурлілі эмоцыі. Урэшце з-за дзвюх жоўтых картак быў выдалены берасцеец Дзмітрый Алісейка. Нягледзячы на 6 дададзеных хвілін, берасцейцы здолелі абараніць сваю „крэпасць”. Нічыйны вынік пакідае ім неблагія шанцы на выхад у наступны раўнд.

Беларускае Радыё Рацыя