Два срэбраныя медалі заваявалі беларускія батутысты



У індывідуальных стартах на этапе Кубка свету ў Хабараўску вызначыўся Уладзіслаў Ганчароў.

Алімпійскі чэмпіён Рыа – 2016 зарабіў за сваю праграму 61,860 бала. Гэтага хапіла для таго, каб абагнаць у турнірнай табліцы Мікіту Федарэнку. На жаль, Гао Лей з Кітая са сваёй ацэнкай 61,895 пункта апынуўся па-за дасяжнасцю беларуса.

Яшчэ адно срэбра падначаленыя Вольгі Уласавай выйгралі ў сінхронных скачках у мужчын. Дуэт Уладзіслава Ганчарова і Алега Рабцава  апярэдзілі толькі амерыканцы Джэфры Глюкштэйн і Аляксей Шостак.

Свірыд і Мукетэ прывезлі бронзу з Ташкента

Беларускія спартоўцы Мікіта Свірыд і Даніэль Мукетэ выйгралі бронзавыя медалі на турніры серыі Гран-Пры Міжнароднай федэрацыі дзюдо ў Ташкенце. Абодва беларусы выступалі ў вагавай катэгорыі 100 кг і ня ведалі паразаў да паўфіналу. На гэтай стадыі Мікіта Свірыд прайграў расейцу Казбеку Занкішыеву, а Даніэль Мукетэ прызнаў перавагу азербайджанца Зеліма Кацоева, і яны сталі ўдзельнікамі паядынкаў за бронзавыя медалі. У выніку Мукетэ быў мацней за серба Бояна Дасена, а Свірыд упэўнена перамог казахстанца Віктара Дзям’яненку.

Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі

У фінальным паядынку менчанкі перамаглі суперніц з гарадзенскай „Алімпіі” з лікам 73:51. Для жаночай каманды „Цмокi-Мiнск” гэта чацвёрты запар і пяты за ўвесь час Кубак краіны. У паядынку за 3-е месца баскетбалісткі „Гарызонта” разграмілі гомельскіх „Рысяў” – 83:41.

22-і тур чэмпіяната Беларусі па футболе

Футбалісты менскага „Дынама” перамаглі „Гомель” з лікам 1:0 у гасцявым матчы 22-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме супернікі не змаглі дамагчыся поспеху, а пераможны гол на 63-й хвіліне гульні забіў форвард дынамаўцаў Ягор Зубовіч. Вынікі астатніх сустрэч 22-га тура: „Шахцёр” (Салігорск) – „Віцебск” – 4:0, „Нёман” (Гародня) – „Дняпро” (Магілёў) – 1:0, „Гарадзея” – „Дынама” (Берасце ) – 1:3, „Мінск” – „Славія” (Мазыр) – 1:0, „Слуцк” – „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – 1:2, „Энергетык-БДУ” (Менск) – „Іслач” (Менскі раён) – 1:2.

«Ліверпуль» абыграў «Чэлсі»

У матчы шостага тура чэмпіянату Англіі „Арсенал” на хатняй арэне абыграў „Астан Вілу” – 3: 2. Каманда Унаі Эмеры займае 4-е месца ў турнірнай табліцы, маючы ў актыве 11 ачкоў. Столькі ж у „Лестэра” і „Вэст Хэма”. У скарбонцы „Астан Вілы” 4 пункты і 18-я пазіцыя. „Манчэстэр Юнайтэд” у гасцях прайграў „Вэст Хэму” 0:2.

У цэнтральным паядынку шостага тура чэмпіянату Англіі „Чэлсі”  саступіў „Ліверпулю” — 1:2. Каманда Юргена Клопа ўпэўнена лідыруе ў турнірнай табліцы, маючы ў актыве 18 ачкоў. У бліжэйшага пераследніка – „Манчэстэр Сіці” – 13 балаў. У  „Чэлсі” 8 пунктаў і 11-я пазіцыя.

„ПСЖ” на выездзе адолеў „Ліён” ў матчы 6-га тура чэмпіянату Францыі – 1:0. Адзіны мяч на 87-й хвіліне забіў бразільскі форвард Неймар. „ПСЖ” з 15 ачкамі лідыруе ў турнірнай табліцы.

«Барселона» выйграла берасцейскі „Millennium Cup”

Юнацкая каманда „Барселоны” „усухую” — 3:0 абыграла аднагодак з берасцейскага „Дынама” ў фінале турніру „Millennium Cup”, што прайшоў у Берасці. Тры мячы іспанская каманда забіла ў першыя 30 хвілін паядынку. У турніры таксама бралі ўдзел „Кайрат”, які заняў трэцяе месца, „Ягелонія”, „Дняпро” і БАТЭ.

«Нёман» лідыруе ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі

У цэнтральным матчы экстралігі А чэмпіянату Беларусі „Дынама-Маладзечна” выйграла ў авертайме салігорскі „Шахцёр” 3:2. Параза перашкодзіла „гарнякам” вярнуцца на першае месца ў турнірнай табліцы, якое займае „Нёман”. У іншых матчах другога дня тура жлобінскі „Металург” прызнаў моц „Гомеля” — 1:3. „Юнацтва” у гасцях, дзякуючы шайбе Ягора Гайнедзінава, зламала супраціў „Магілёва”- 1:0.

Шаранговіч пакінуў  трэнінг-кэмп „Нью-Джэрсі”

Нападнік з Беларусі Ягор Шаранговіч пакінуў трэніровачны лагер „Нью-Джэрсі” і працягне падрыхтоўку да сезону з „Бінгемптанам”, які выступае ў АХЛ. З „Нью-Джэрсі” ў рамках перадсезонкі Шаранговіч згуляў супраць „Бостана”, але не адзначыўся выніковымі дзеяннямі. Такім чынам, у трэнінг-кэмпе клубаў НХЛ не засталося беларускіх хакеістаў.

«Мастачкі» засталіся без медалёў у Баку

Зборная Беларусі ў групавых практыкаваннях засталася без узнагарод на чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы, які завяршыўся ў Баку. Бліжэй за ўсё Арына Цыцыліна, Анастасія Рыбакова, Карына Ярмоленка, Ганна Швайба і Ганна Гайдукевіч падабраліся да запаветнай мэты ў фінале кампазіцыі з булавамі і абручом, але ў выніку беларускі апынуліся на 4 пазіцыі ў выніковым пратаколе. Золата досыць прадказальна дасталася расіянкам.

Цяжкаатлеты Асаёнак і Лозка не змаглі заняць прызывая месцы на Чэмпіянаце свету

Беларускія цяжкаатлеты Пётр Асаёнак і Ігар Лозка засталіся без медалёў Чэмпіяната свету у тайландскім Патаі. Асаёнак лічыўся адным з прэтэндэнтаў на медаль, заявіўшы ў рыўку 165 кг. Аднак усе тры падыходы засталіся безвыніковымі. Ігар Лозка, які выступаў у групе В, таксама застаўся па-за спаборніцтвамі пасля трох безвыніковых спробаў у рыўку. Золата, якое стала пятым у яго кар’еры, выйграў кітаец Люй Сяоцзюнь, які заваяваў чэмпіёнскі тытул у суме двубор’я з вынікам 378 кг і які ўсталяваў пры гэтым сусветны рэкорд.

Польшча згуляе з Нямеччынай у 1/4 фінала чэмпіяната Еўропы па валейболе

На чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд сталі вядомыя ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі турніру. Адной з галоўных сенсацый першынства кантынента стаў праход у васьмёрку наймацнейшых зборнай Украіны, якая перамагла Бельгію — 3:2. У іншых матчах 1/8 фіналу абышлося без нечаканасцяў. Славенцы перамаглі балгараў – 3:1. Польшча вельмі ўпэўнена разабралася з Іспаніяй — 3:0. Немцы выйгралі ў нідэрландцаў – 3:1, французы ў фінаў – 3:0, сербы у чэхаў – 3:0, расейцы ў грэкаў – 3:0, а італьянцы у туркаў – 3:0.

У чвэрцьфіналах сустрэнуцца Францыя – Італія, Расея – Славенія, Сербія – Украіна, Польшча — Нямеччына.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ludidv.ru