Дыега Марадона даў прэс-канферэнцыю ў Берасці



Легендарны аргенцінскі футбаліст, чэмпіён свету 1986 года Дыега Марадона, адразу пасля мундыялю ў Расеі прыляцеў у горад над Бугам. У першую чаргу ягоны візіт звязаны з новым месцам працы і пасадай старшыні праўлення мясцовага футбольнага клубу „Дынама-Берасце”.

З аэрапорта Дыега Марадона накіраваўся ў гатэль „Эрмітаж”, дзе ладзілася адмысловая прэс-канферэнцыя. Кажа прэс-сакратарка ФК „Дынама” Вольга Хіжынкова:

– Старшынём праўлення футбольнага клубу „Дынама-Берасце” стаў легендарны футбаліст Дыега Марадона. Гэта значная падзея не толькі для футбольнага клубу „Дынама-Берасце”, але і для ўсяго беларускага футбола.

Дыега Марадона:

– Я хачу даць усё самае лепшае з маёй футбольнай кар’еры і досьведу, які я атрымаў на чэмпіянатах свету. Мне вельмі падабаецца, як падыходзяць да справы людзі, якія прыехалі рабіць мне прапанову. І я сказаў, што менавіта гэтага я і чакаў. І прыехаў у Беларусь. У мяне было тры прапановы. Але я выбраў гэту.

На прэс-канферэнцыі закранулі пытанні, звязаныя з матывамі прыезду ў Беларусь, арабскімі партнёрамі „Дынама”, фубольнай акадэміяй і будаўніцтвам новага стадыёну. Пасля прэс-канферэнцыі Дыега Марадона накірваўся на шпацыр па вуліцы Савецкай і адтуль на матч паміж „Дынама” і салігорскім „Шахцёрам”. На жаль, для берасцейскіх заўзятараў і кіраўніцтва клубу, „Дынама” ў гэтым матчы саступіла з лікам 1:3.

Цалкам гук у далучаным файле:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.