«Дынама-Брэст» вяртаецца з вымушанага прастою



Асноўны склад футбольнага клуба і дзейснага Чэмпіёна Беларусі ўжо ад панядзелка прыступіў да трэніровак.

Вымушаны перапынак у два туры, па паведамленнях у СМІ, быў звязаны з успышкай каронавірусу сярод гульцоў каманды.

Кажа старшы трэнер ФК «Дынама-Брэст» Андрэй Пракапюк:

– Мы ў добрым настроі, шматлікія хлопцы засумавалі, хтосьці – больш, хтосьці – менш знаходзіўся ў вымушаным прастоі. Таму мы ўсе засумавалі. Мы ўсе ў поўным складзе сабраліся пасля выходнага і ў добрым настроі рыхтуемся да наступнага матчу. Натуральна, хтосьці лепш падрыхтаваны, хтосьці – горш, але тут ужо задача трэнерскага штаба пастарацца прывесці хлопцаў як мага хутчэй да агульнага назоўніка.

Бліжэйшы матч «дынамаўцы» згуляюць у суботу, 25 ліпеня на менскім стадыёне «Трактар» з футбольным клубам «Іслач». Пачатак гульні ў 16:30. Пакуль што «Дынама-Брэст» знаходзіцца на сёмым месцы турнірнай табліцы Вышэйшай лігі і мае 26 пунктаў. У лідарах салігорскі «Шахцёр» і барысаўскі «БАТЭ» з 34-ма пунктамі, але «Дынама» мае дзве гульні ў запасе.

Беларускае Радыё Рацыя