„Дынама” і „Рух” згулялі ўнічыю ў берасцейскім дэрбі



Футбалісты „Дынама” і „Руха” згулялі ўнічыю ў берасцейскім дэрбі чэмпіянату Беларусі – 1:1. Спачатку больш атакавалі дынамаўцы, але лік адкрылі футбалісты „Руху”. На 32-й хвіліне пасля падачы кутавога з левага фланга Дзяніс Грэчыха пераправіў мяч у браму Рамана Сцяпанава. Пасля перапынку „Дынама” зноў захапіла ініцыятыву і на 79-й хвіліне Станіслаў Беленькі ўсталяваў канчатковы лік. Таксама менскае „Дынама” разграміла на сваёй арэне мазырскую „Славію” 4:0. На 11-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў ветэран менскага клуба Антон Пуціла, а потым хет-трык аформіў сенегальскі форвард Аблаеў Мбенге, які вызначыўся на 42-й, 62-й і 66-й хвілінах матчу. У іншых матчах 15-га тура было шмат нічыйных вынікаў: „Мінск” і „Смаргонь” згулялі ўнічыю 2:2, падзялілі ачкі таксама „Энергетык-БДУ” і „Іслач”- 1:1, з такім жа лікам скончыўся матч паміж „Тарпеда-БелАЗ” і гарадзенскім „Нёманам” – 1:1,  „Віцебск” і БАТЭ галоў не забілі- 0:0, а „Слуцк” абыграў рэчыцкі „Спутнік” – 3:2. Гасцявы матч лідара турніру салігорскага „Шахцёра” з „Гомелем” перанесены на больш позні тэрмін.

 

Паўабаронца ФК „Мінск” Кірыл Зіновіч перайшоў у маскоўскі „Лакаматыў”

Паўабаронца ФК „Мінск” Кірыл Зіновіч перайшоў у адзін з лепшых расейскіх клубаў маскоўскі „Лакаматыў”. 18-гадовы гулец з’яўляецца выхаванцам ФК „Мінск”, ён дэбютаваў у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ў траўні 2020 года. У гэтым сезоне Кірыл Зіновіч замацаваўся ў асноўным складзе і сваёй гульнёй заслужыў увагу з боку моцных замежных клубаў. У складзе менчан Кірыл Зіновіч правёў 26 матчаў, забіўшы 4 мячы і аддаўшы 3 галявыя перадачы. Зараз малады беларускі паўабаронца разам з партнёрамі па „Лакаматыву” знаходзіцца на перадсезонным вучэбна-трэніровачным зборы ў Аўстрыі. У складзе маскоўскага клуба нагадаю выступае яшчэ адзін беларус – нападаючы Віталь Лісаковіч.

 

Беларускія футбольныя клубы даведаліся супернікаў па жаночай Лізе чэмпіёнаў

Футбалісткі беларускіх клубаў даведаліся супернікаў па кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіён краіны сталічнае „Дынама-БДУФК” у першым матчы 6-й адборавай групы згуляе 18 жніўня ў кіпрскім Лімасоле з мясцовым „Апалонам”. У выпадку поспеху падначаленыя Юрыя Малеева 21 жніўня сустрэнуцца з пераможцам матчу паміж расейскім ЦСКА з Масквы і валійскім „Суонсі”. Срэбраны прызёр мінулага беларускага першынства ФК „Мінск” у першым матчы 3-й кваліфікацыйнай групы таксама ў гасцях 18 ліпеня будзе супернічаць з нарвежскім „Русенборгам”. Калі менчанкі перамогуць, то 21 жніўня згуляюць з лепшай камандай пары „Левантэ” (Іспанія) – „Селтык” (Глазга, Шатландыя).

 

Дзевяць медалёў выйгралі беларускі на этапе КС па мастацкай гімнастыцы ў Менску

Дзевяць медалёў выйгралі беларускі на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, які завяршыўся ў Менску. Да золата і бронзы Аліны Гарноські і Анастасіі Салос у шматбор’і, выйграным у першы дзень турніру, дадаліся яшчэ шэсць узнагарод за фіналы ў асобных відах. Унеслі сваю медальную лепту ў дадзены поспех і прадстаўніцы каманды ў групавых практыкаваннях. Трыумфатарам заключнага дня турніру ў Мінску стала Аліна Гарноська, якая заваявала тры золата. У практыкаваннях з абручом, з мячом і з булавамі.

 

Беларускія бейсбалісты не прабіліся ў фінал чэмпіянату Еўропы

Бейсбалісты зборнай Беларусі не змаглі прабіцца ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы. Выступаючы ў Маскве ў кваліфікацыйнай групе А, падначаленыя Аляксандра Сячко на першым этапе перамаглі Турцыю – 31:2, Славенію – 13:8 і Швейцарыю – 8:6, але саступілі гаспадарам турніру расейцам – 0:17. У вырашальным паядынку беларусы зноў прайгралі расейскай камандзе з лікам 1:4.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя