„Дынама-Маладзечна” абыграла „Ліду” у матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі



Хакеісты „Дынама-Маладзечна” абыгралі „Ліду” у чарговым матчы другога этапу беларускай экстралігі. Лік быў адкрыты гаспадарамі ўжо на 30-й секундзе сустрэчы. Да першага перапынку дынамаўцы адправілі ў чужую брамку яшчэ дзве шайбы, госці ж вызначыліся толькі аднойчы – 3:1. У сярэдзіне другой трэці лідчане падабраліся да суперніка ўшчыльную, але ўсяго праз пару хвілін маладзечанцы вярнулі гандыкап у два галы. Фінальны перыяд застаўся за „рыцарамі”, але іх намаганняў да авертайму не хапіла – 5:4. Па дублі ў складзе пераможцаў аформілі Аляксандр Сувораў і Павел Капыцін.

У паралельным матчы „Берасце” пасля 40 хвілін гульні апярэджваў „Лакаматыў” на дзве шайбы. Аднак у заключнай трэці аршанцы перавярнулі ход сустрэчы і ў выніку здабылі валявую перамогу – 4:2. У яшчэ адным паядынку чацвярга наваполацкі „Хімік” у гасцях нанёс паразу „Магілёву” – 2:0. Сёння на лёд выйдуць каманды з топ-6: „Шахцёр” прыме „Гомель”, „Віцебск” згуляе з „Металургам”, а „Нёман” сустрэнецца з „Юнацтвам”.

Віталь Трус прызнаны лепшым брамнікам украінскай суперлігі

Беларускі брамнік хакейнага клуба „Краматорск” Віталь Трус прызнаны лепшым галкіперам украінскай суперлігі ў студзені.

Беларус дапамог камандзе перамагчы ў трох з пяці матчаў. Больш за тое, менавіта надзейная гульня Труса дазволіла „Краматорску” стаць першым клубам, які абыграў „Данбас” у бягучым сезоне. Такім чынам, у пяці матчах, якія Віталь правёў у брамцы свайго клуба, галкіпер адбіў 141 кідок і прапусціў 11 шайбаў. Працэнт адбітых кідкоў Труса склаў 93%, каэфіцыент надзейнасці 2.20, паведамляе прэс-служба суперлігі.

Белазавец-2022. „Слуцк” прайграў „Арсеналу”, „Нёман” абыграў „Іслач”

У рамках таварыскага футбольнага турніру „Белазавец-2022” адбыліся два матчы. „Іслач” прайграла „Нёману” 0:2. У складзе гарадзенскага клуба забітымі шайбамі адзначыліся Валер Жукоўскі і Уладзіслаў Варакса. 37-гадовы паўабаронца „Нёмана” Валерый Жукоўскі адзначыўся голам у кожным таварыскім матчы клуба ў бягучае міжсезонне. Яшчэ ў адным матчы „Арсенал” з Дзяржынска абыграў „Слуцк” 2:1.

Баркоўскі перайшоў на правах арэнды з „Руху” у „Іслач”

Беларускі нападнік Герман Баркоўскі перайшоў на правах арэнды з берасцейскага „Руху” у „Іслач”.
19-гадовы гулец некалькі гадоў знаходзіўся ў структуры „Белшыны”. Футбольную кар’еру ён пачаў у 2019 годзе ў фарм-клубе „Белшына-2”, які выступаў у другой лізе. У наступным сезоне асноўная каманда бабруйчан выступала ў вышэйшай лізе, аднак Герман выйшаў на поле толькі пяць разоў. Летась футбаліст правёў паўнавартасны сезон у першай лізе: адыграў за „шыннікаў” 31 сустрэчу, забіў восем галоў і дапамог камандзе заваяваць срэбраныя медалі і пуцёўку ў наймацнейшы дывізіён. У студзені Баркоўскі заключыў кантракт з „Рухам”, а потым адправіўся ў гадавую арэнду ў „Іслач”.

„Беціс” буйна абыграў „Рэал Сасьедад” і прабіўся ў паўфінал Кубка Іспаніі.

У рамках чвэрцьфіналу Кубка Іспаніі «Беціс» на выездзе разграміў «Рэал Сасьедад» 4:0. Ужо на 12-й хвіліне Хуанмі адкрыў лік у гульні. Пасля перапынку іспанец аформіў дубль. За сем хвілін да канца асноўнага часу Віліян Жазэ давёў справу да разгрому, а кропку ў гульні паставіў Айтар Руібаль. Раней у паўфінал Кубка Караля прабіліся «Валенсія» і «Раё Вальекана». Апошні паўфіналіст Кубка Іспаніі стаў вядомы ў матчы «Атлетыка» з Більбаа і мадрыдскага «Рэала. Дзякуючы голу Алехандра Берэнгера на 89-й хвіліне матчу баскі пакінулі Мадрыд за бортам турніру.

Гандбалісты, частка трэнерскага штаба і медслужба „Мяшкоў Берасце” на каранціне

Гандбольны клуб „Мяшкоў Берасце” пайшоў на каранцін. Такая інфармацыя апублікавана на сайце клуба.
„У сувязі з тым, што каля паловы каманды, а таксама большая частка трэнерскага штаба і ўся медыцынская служба знаходзяцца ў каранціне з-за хваробы, матч „Гомель” – „Мяшкоў Берасце „, які быў запланаваны на 5 лютага, пераносіцца на больш позні тэрмін”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Наступны паядынак „Мяшкоў Берасце” плануе правесці 12 лютага на хатняй арэне супраць „Машэкі”. Гэты матч стане генеральнай рэпетыцыяй перад найважнейшай сустрэчай Лігі чэмпіёнаў з „Ольбаргам”. Яна адбудзецца 16 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]