„Дынама-Менск” перамагло „Сочы” у матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты „Дынама-Менск” перайгралі „Сочы” у матчы чэмпіянату КХЛ. Лёс сустрэчы на „Менск-Арэне” вырашыўся ў авертайме з лікам 3:2. На шостай хвіліне матчу госці адкрылі лік – аўтарам дакладнага кідка стаў Сяргей Шмялёў. На 10-й хвіліне Раян Спунэр трапіў у штангу, а праз хвіліну Аляксей Протас змог „размачыць” брамку „леапардаў”.

У трэцім перыядзе на 57-й хвіліне Ігар Рудзянкоў рэалізаваў свой шанец і вывеў гасцей наперад. Заключныя тры хвіліны асноўнага часу матчу мінчане правялі ў нападзе, і за 11 секунд да фінальнай сірэны „зубры” зраўнялі лік дзякуючы намаганням Шэйна Прынса, які выдатна згуляў на дабіванні. У авертайме мінчане зладзілі аблогу брамкі гасцей, якая завяршылася шайбай Брэндана Козуна, які зарабіў 250-е ачко ў КХЛ.

Наступны матч дынамаўцы правядуць на хатнім лёдзе 21 лістапада. Супернікам каманды Крэйга Вудкрафта стане маскоўскі ЦСКА, які знаходзіцца на лідыруючай пазіцыі ў Заходняй канферэнцыі КХЛ.

Хакеісты „Дынама-Маладзечна” абыгралі „Гомель”

Хакеісты „Дынама-Маладзечна” абыгралі „Гомель” у матчы чэмпіянату Беларусі. Матч скончыўся з мінімальнай перавагай каманды Канстанціна Кальцова – 1:0. На 5-й хвіліне матчу дынамаўцам удалася выдатная атака, якую завяршыў Аляксандр Сувораў. Аформіўшы перавагу, маладзечанцы пачалі дзейнічаць другім нумарам, адбіваючы настойлівыя атакі „рысяў”, і камандзе з Менскай вобласці ўдалося захаваць мінімальную перавагу і адсвяткаваць доўгачаканую перамогу.

Футбалісткі „Менска” прабіліся ў 1/16 фіналу Лігі чэмпіёнаў

Футбалісткі „Менска” сталі ўдзельніцамі 1/16 фіналу розыгрышу жаночай Лігі чэмпіёнаў. У матчы другога кваліфікацыйнага раунда падначаленыя Аляксандра Лухвіча перайгралі ў албанскай Шкодры мясцовы клуб „Влазнія” – 2:0. У першым тайме лік адкрыла Ганна Сас, а пасля перапынку Анастасія Харланава замацавала поспех беларускай дружыны.

Беларускія дзюдаісты засталіся без узнагарод у стартавы дзень ЧЕ ў Празе

Беларускія дзюдаісты засталіся без узнагародаў у стартавы дзень чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Празе. Дзмітрый Мужайла у вагавай катэгорыі 66 кг не змог адолець іспанца Даніэля Рамана Перэса. Ксенія Даніловіч (у вазе 52 кг) саступіла Наомі ван Крэвель з Нідэрляндаў. Абодва разы супернікі беларускіх атлетаў святкавалі чыстыя перамогі. Сёння за ўзнагароды пазмагаюцца спартоўцы ў катэгорыях да 73 і 81 кг і спартоўкі ў катэгорыях да 63 і 70 кг.

Ілля Івашка выйшаў у 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Італіі

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прабіўся ў чвэрцьфінал турніру серыі „Чэленджэр” ў італьянскай Ортызеі з прызавым фондам 44,8 тысяч еўра.

У паядынку 1/8 фіналу беларус перайграў у двух сэтах нямецкага тэнісіста Ёханэса Хаертайса – 7:6 (8: 6), 6:3. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 25 хвілін. У першым раўндзе Ілля Івашка быў мацней за італьянца Матэа Віёлы – 6:1, 6:1. Наступным супернікам беларускага тэнісіста будзе чэх Томаш Махач.

Памёр беларускі валейбольны трэнер Уладзімір Казлоў

На 78-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі валейбольны трэнер Уладзімір Казлоў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі валейбола. Спецыяліст зрабіў значны ўнёсак у развіццё айчыннага валейбола. Двойчы прыводзіў юніёрскую зборную Беларусі да бронзавых медалёў чэмпіянатаў Еўропы. Працаваў галоўным трэнерам жаночай нацыянальнай каманды Беларусі з 2000 па 2007 год.

Што тычыцца клубнай кар’еры, то Уладзімір Мікалаевіч ўваходзіў у трэнерскі штаб менскага „Камунальніка”, паспяхова выступаў у чэмпіянаце СССР. Акрамя таго, на чале розных айчынных клубаў станавіўся шматразовым прызёрам і пераможцам чэмпіянату Беларусі, шматразовым уладальнікам Кубка краіны.

У Беларускай федэрацыі валейбола адзначылі, што Уладзімір Казлоў карыстаўся заслужанай павагай у калегаў па трэнерскім цэху, вучаніц, родных і блізкіх.

Беларускае Радыё Рацыя