„Дынама-Мінск” у новым сезоне КХЛ зменіць дывізіён



Хакейны клуб „Дынама-Мінск” у новым сезоне рэгулярнага чэмпіянату КХЛ зменіць дывізіён.

Кантынентальная хакейная ліга зацвердзіла структуру правядзення і склад дывізіёнаў на 11-ы чэмпіянат. Згодна са змяненнямі, „зубры” будуць выступаць у дывізіёне Тарасава, дзе таксама згуляюць „Віцязь”, „Лакаматыў”, „Слован”, „Сочы” і ЦСКА. У сезоне 2017/2018 менскія дынамаўцы гулялі ў дывізіёне Баброва.

Новаўвядзенні ў структуры рэгулярнага чэмпіянату КХЛ датычацца павелічэння колькасці матчаў. На першым этапе кожная каманда праводзіць па адной гульні на сваёй пляцоўцы і ў гасцях з усімі астатнімі клубамі лігі (48 матчаў, 24 – на сваёй пляцоўцы і 24 – на выездзе). Дадаткова ўсе каманды праводзяць у сваіх канферэнцыях 14 матчаў (7 дома і 7 у гасцях). Усяго на першым этапе чэмпіянату кожная каманда правядзе па 62 матчы, 31 – на сваёй пляцоўцы і 31 – на пляцоўцы саперніка. У сезоне, які завяршыўся, кожны клуб правёў 56 гульняў. Хакеісты „Дынама” занялі ў турнірнай табліцы 10-е месца, набраўшы 73 ачкі ў 56 сустрэчах. Уладальнікам Кубка Гагарына ў плэй-оф трэці раз у гісторыі стаў казанскі „Ак Барс”.

Згодна з рэгламентам КХЛ, мінчане пачнуць перадсезонную падрыхтоўку не раней за 50 дзён да пачатку чэмпіянату, які стартуе 1 верасня. Плануецца, што падапечныя Гордзі Дуаера згуляюць 2 жніўня ў Менску з новасібірскай „Сібір’ю”. C 5 па 11 жніўня „Дынама-Мінск” адправіцца на Кубак губернатара Ніжагародскай вобласці, у якім згуляюць „Тарпеда” (Ніжні Ноўгарад), маскоўскае і рыжскае „Дынама”, „Спартак” і „Аўтамабіліст”. З 21 па 26 жніўня „зуброў” чакае традыцыйны турнір у Рызе.

belta.by