Дынара Алімбекава выйграла кантрольны спрынт у Оберцілаху
Беларуска Дынара Алімбекава выйграла кантрольны спрынт у аўстрыйскім Оберцілаху. Алімпійская чэмпіёнка дапусціла адзін промах на „лёжцы”. Другой стала Ганна Сола з двума недакладнымі стрэламі ў пасіве, тройку замкнула Ірына Лешчанка – у яе адзін промах. У гонцы, акрамя беларусак, бралі ўдзел спартoўкі з Аўстрыі, Балгарыі і ЗША. Мужчыны і жанчыны спаборнічалі на трасе адначасова.
Яўген Лісавец стаў гульцом „Віцязя”
Беларускі абаронца Яўген Лісавец стаў гульцом „Віцязя”. „Віцязь” і „Салават Юлаеў” зрабілі абмен: у Падольск пераехаў абаронца Яўген Лісавец, у зваротным напрамку пераехаў гулец абароны Віктар Анціпін. У сёлетнім сезоне КХЛ Лісавец згуляў 18 сустрэч, закінуўшы адну шайбу і аддаўшы адну галявую перадачу пры агульным паказчыку карыснасці „+7”. Анціпін прыняў удзел у 28 гульнях, аддаўшы ў іх тры галявыя перадачы пры паказчыку карыснасці „-10”.
Джо Байдэн пацвердзіў, што ЗША разглядаюць дыпламатычны байкот Алімпіяды-2022 у Пекіне.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адказаў на пытанне аб магчымым дыпламатычным байкоце Алімпіяды-2022 у Пекіне. „Мы гэта разглядаем”, – сказаў Байдэн на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо. Раней журналіст The Washington Post Джош Рогін са спасылкай на крыніцы паведамляў, што Байдэн абвесціць аб дыпламатычным байкоце Гульняў у Кітаі да канца лістапада. Да дыпламатычнага байкоту пекінскай Алімпіяды заклікалі многія амерыканскія палітыкі, адзначае sports.ru. Кітай абвінавачваюць у парушэннях правоў чалавека – у прыватнасці, прыгнёце ўйгураў. У выпадку дыпламатычнага байкоту кіраўнік дзяржавы і іншыя прадстаўнікі ўлады адмаўляюцца ад наведвання Гульняў, аднак спартоўцы могуць удзельнічаць у спаборніцтвах.
Чатыры беларусы прэтэндуюць на драфт НХЛ-2022
Цэнтральнае скаўцкае бюро НХЛ абнавіла спіс маладых хакеістаў, якія прэтэндуюць на драфт НХЛ у 2022 годзе. Гульцы класіфікаваны па трох катэгорыях: „A” (прэтэндэнты на першы раунд), „B” (на 2-3-і раунды) і „C” (на 4-6-ы раунды). У спісе за лістапад ёсць чатыры беларусы. Брамнік „Шэрбрука” Іван Жыгалаў (2003) падняўся з катэгорыі „С” у катэгорыю „В”. У катэгорыі „С” размясціліся адразу тры форварды — гэта Данііл Боўраш, Ілля Марозаў і Захар Пальшакоў.
Беларускае Радыё Рацыя
