Дзінара Алімбекава стала другой ў мас-старце этапа Кубка свету па біятлоне



Беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава стала другой у жаночым мас-старце на сёмым этапе Кубка свету, які завяршыўся ў італьянскім Антхольцы. Да самага фінішу дыстанцыі працягласцю 12,5 км беларуска прэтэндавала на перамогу, але ў выніку саступіла пераможцы італьянцы Даратэі Вірэр 3,7 секунды пры адным стрэле міма. Італьянская біятланістка выйграла, дапусціўшы два промахі на чатырох агнявых рубяжах. Такім чынам, Дзінара Алімбекава ўзнялася на другую пазіцыю ў агульным заліку Кубка свету пасля сямі праведзеных этапаў. Наперадзе толькі нарвежская біятланістка Мартэ Ройсэлан. Тройку лідараў замыкае шведка Эльвіра Эберг. Мужчынскі асабісты залік узначальвае французскі біятланіст Кентэн Фіён Мае, на другой пазіцыі яго суайчыннік Эмільен Жаклен, трэцім ідзе нарвежац Тар’е Бё. Лепшы з беларускіх біятланістаў Антон Смольскі займае 10-е месца. 

„Вітэн” і БЧ перамаглі ў матчах чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Два фаварыты чэмпіянату Беларусі па міні-футболе дамагліся перамог на старце другога круга. Лідар сёлетняга першынства гомельскі БЧ упэўнена перайграў на выездзе менскую каманду „Ахова-Дынама” 5:2. У складзе пераможцаў хет-трык аформіў Максім Конаў. Пяць мячоў Яўгена Пераміціна дапамаглі дзейнаму чэмпіёну краіны аршанскаму „Вітэну” разграміць на сваёй пляцоўцы сталічнае „Дынама-БНТУ” з лікам 9:2.  У цэнтральным паядынку 14-га тура віцэ-чэмпіён краіны гомельскі ВРЗ на сваёй арэне святкаваў валявую вікторыю над уладальнікамі бронзы мінулага першынства спартоўцамі „Сталіцы – 4:2. У другім суботнім матчы гарадзенскі „УУС-Дынама” ў гасцях узяў верх над „Менскам” – 3:1.

Партугальцы выйгралі другі матч на ЧЕ па міні-футболе

На чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе ў Нідэрландах пачаліся паядынкі другога тура папярэдняга этапа. У групе А дзейныя чэмпіёны кантынента партугальцы святкавалі другую перамогу запар, разграміўшы гаспадароў турніру нідэрландцаў з лікам 4:1. У першым туры партугальская дружына была мацней за сербаў – 4:2. Зборная Украіны пасля стартавай паразы ад Нідэрландаў 2:3 не пакінула шанцаў на поспех камандзе Сербіі – 6:1.

„Баварыя” на выездзе разграміла „Герту”

„Баварыя” на выездзе ўпэўнена абыграла „Герту” ў матчы 20-га тура чэмпіянату Германіі – 4:1. Левандоўскі ў гэтай гульні не адзначыўся. „Чэлсі” абыграў „Тотэнхэм” у матчы 23-га тура чэмпіянату Англіі — 2:0. „Тотэнхэм” ідзе сёмым у табліцы з 36 ачкамі, у „сініх” 47 балаў і трэцяя пазіцыя. „Ліверпуль” на выездзе абыграў „Крыстал Пэлас” 3:1. У матчы 22-га тура чэмпіянату Іспаніі мадрыдскі „Рэал” на сваім полі згуляў унічыю з „Эльчэ” 2:2. На 33-й хвіліне Карым Бензема не рэалізаваў пенальці. „Барселона”, дзякуючы голу Фрэнкі дэ Ёнга, абыграла на выездзе «Алавес» 1:0. 

Зборная Расеі разышлася мірам з камандай Польшчы на чэмпіянаце Еўропы па гандболе

У чарговым матчы мужчынскага чэмпіянату Еўропы па гандболе зборная Расеі разышлася мірам з камандай Польшчы – 29:29. Зборная Швецыі адолела каманду Германіі ў матчы асноўнага раунда – 25:21 і пакуль узначальвае групу, маючы 6 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]