Дзяніс Шунто: Галоўнае для нас – прагрэс



Адзін з сузаснавальнікаў футбольнага клуба “Крумкачы” Дзяніс Шунто распавёў, як ідзе падрыхтоўка да сезона.

Нагадаем, у мінулым сезоне паўаматарскі клуб „Крумкачы” заваяваў пуцёўку ў вышэйшую лігу футбольнага чэмпіянату Беларусі. У заключным туры першай лігі заснаваная ўсяго чатыры гады таму сталічная каманда выйграла на сваім полі ў магілёўскага „Дняпра”.

У 2014 годзе „Крумкачы” падалі заяўку ў другую лігу і адразу выйшлі ў першую. Для трапляння ў вышэйшую лігу камандзе, якую зараз трэніруе вядомы беларускі спецыяліст Алег Дулуб, таксама хапіла аднаго сезона.

РР: Якія задачы вы ставіце на гэты сезон?

Дзяніс Шунто: Няма такога, што разлічваем на канкрэтнае месца альбо, як плануюць некаторыя каманды, “патрапіць у шасцёрку”, “замацавацца”. Як атрымаецца – так атрымаецца. Мы выйшлі ў вышэйшую лігу, а гэта ўжо вялікае дасягненне. Асабіста для мяне галоўнае, каб і ў футбалістаў, і ў каманды з кожным днём быў прагрэс. Крок за крокам мы прыйдзем да новых вышынь.

РР: Колькі складае бюджэт клуба?

Дзяніс Шунто: У заяўцы на ліцэнзію, якую падавалі ў Федэрацыю футбола, грошы на выдаткі пазначылі ў памеры 344 тысяч даляраў. Гэта, безумоўна, не так шмат, як хацелася б (добра было б, каб лічба дасягнула паўмільёна даляраў), але што ёсць тое ёсць. Так, у параўнанні з іншымі клубамі ў нас зусім малы бюджэт (у некаторых ён дасягае некалькіх мільёнаў даляраў), але будзем адштурхоўвацца ад таго, што маем.

РР: Заробкі, напэўна, у футбалістаў будуць невялікія?

Дзяніс Шунто: У сярэднім – 8-10 мільёнаў рублёў, хоць у некага больш, а ў некага менш. Зрэшты, усе ў камандзе разумеюць сітуацыю і не скардзяцца. Адзінае, што раней некаторыя нашы футбалісты сумяшчалі гульні з працай у іншых месцах, але зараз ніякага сумяшчэння не будзе. Каманда – гэта і ёсць праца.

РР: Колькі ў вас на сёння легіянераў?

Дзяніс Шунто:  Сем. Расеец, тры украінцы, два ігракі з Кыргызстана і адзін са зборнай Сьера-Леона.

РР: Што будзеце рабіць, калі ў гэтым сезоне нічога не атрымаецца?

Дзяніс Шунто: Такога быць не можа, каб зусім нічога не атрымалася. Я веру, што ўсё ў нас будзе добра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя