Этап Кубка свету па фрыстайле без Казекі, Раманоўскай і гледачоў



30 студзеня ў Раўбічах пройдзе этап Кубка свету па фрыстайле. Першапачаткова ён быў запланаваны на 13 лютага, аднак у снежні Міжнародны лыжны саюз прыняў рашэнне аб яго пераносе ў сувязі са зменамі міжнароднага спаборніцкага календара з-за пандэміі каронавіруса.

За медалі турніру пазмагаюцца фрыстайлісты з 11 краін. Лепшая беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская знаходзіцца на бальнічным, працягваючы аднаўленне пасля аперацыі на калене. Раней чэмпіёнка свету заяўляла, што загад на яе звальненне ўжо падпісаны. Мікалай Казека, які ўсё яшчэ з’яўляецца галоўным трэнерам нацыянальнай каманды, не будзе прысутнічаць на хатнім этапе Кубка свету ў Раўбічах з-за таго, што знаходзіцца ў шпіталі з каронавірусам.

Гаварцова і Якшыч выйшлі ў фінал тэніснага турніру ў ЗША

Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова і сербка Ёвана Якшыч прабіліся ў фінал парнага разраду турніру ITF W60 ў амерыканскім Роме. У паўфінале яны перайгралі амерыканскую пару Кэтрын Гарысан/Сафія Уітл – 6:2, 2:6, 12:10. У фінальным матчы іх супернікам будзе амерыкана-брытанская пара Эмін Бектас/Тара Мур.

Арцём Гурэнка стаў гульцом „Іслачы”

Журналіст Мікалай Іваноў паведаміў, што Арцём Гурэнка стаў гульцом „Іслачы”. У чэмпіянаце Беларусі-2020 Гурэнка выступаў у „Віцебску”, правёў 28 матчаў, забіў адзін гол і аддаў тры выніковыя перадачы.

Беларускія форвард Міхаіл Гардзяйчук і абаронца Алег Вераціла сталі гульцамі „Ліепаі”. Пра гэта паведаміў у telegram-канале Уладзіслаў Татур. Гардзяйчук ў сезоне-2020 правёў 29 гульняў вышэйшай лігі ў складзе берасцейскага „Дынама”, забіў 10 мячоў і зрабіў тры галявыя перадачы. Вераціла ў 21 сустрэчы за берасцейцаў атрымаў пяць жоўтых картак.

Арцём Прыма выйграў мужчынскую гонку пераследу на чэмпіянаце Еўропы

Украінскі біятланіст Арцём Прыма выйграў мужчынскую гонку пераследу на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне ў Польшчы. Пераможца дапусціў тры промахі на чатырох агнявых рубяжах. Другое месца заняў чэшскі страляючы лыжнік Міхал Крчмарж. Ён быў недакладны аднойчы, аднак саступіў пераможцу 6,6 сек. Бронзавы медаль у нарвежца Ховарда Богетвейта. Лепшы з беларусаў Раман Ялётнаў заняў 20-е месца. Ілля Аўсеенка стаў 52-м, а Ягор Казарын – 57-м.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sb.by