EURO-2020 можа прайсці ў Санкт-Пецярбургу і Лондане



EURO-2020 пройдeт ў Санкт-Пецярбургу і Лондане ў выпадку скарачэння колькасці гарадоў. Такое развіццё падзей магчыма, калі УЕФА прыме рашэнне аб пераносе матчаў з астатніх гарадоў.

Абодвы гарады далі УЕФА гарантыі, што гатовыя прыняць максімальна магчымую колькасць фанатаў. Еўра-2020 павінен быў адбыцца ў мінулым годзе, аднак з-за пандэміі каронавіруса турнір перанеслі на лета 2021 года. Плануецца, што чэмпіянат Еўропы-2020 пройдзе з 11 чэрвеня па 11 ліпеня ў 12 гарадах – Санкт-Пецярбургу, Лондане, Мюнхене, Баку, Рыме, Бухарэсце, Капенгагене, Амстэрдаме, Більбао, Глазга, Будапешце і Дубліне.

Таксама выканкам УЕФА прыняў рашэнне распаўсюдзіць дзеянне правіла пяці замен на матчы Еўра-2020 і на фінальны турнір Лігі нацый. Раней гэтае правіла было ўведзена пасля пачатку пандэміі каронавіруса.

Віталь Кутузаў: 0:8. Гэта проста наша месца, і яно ўжо даўно там

Былы нападнік БАТЭ, „Мілана” і зборнай Беларусі Віталь Кутузаў падзяліўся меркаваннем пра паразу каманды Мархеля зборнай Бельгіі. „0:8. Гэта проста наша месца, і яно ўжо даўно там. Нават калі заплюшчыць вочы. Гадоў 30 гандыкапу. Але ў жыцці ёсць белыя і чорныя палосы. Што-небудзь абавязкова здарыцца, таму што не бывае так, каб што-небудзь працягвалася вечна”, – напісаў Кутузаў у Інстаграм.

Міжнародны турнір па хакеі на траве „Праметэй” пройдзе ў Берасці

У Берасці 12-15 красавіка пройдзе міжнародны турнір па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд „Праметэй”. Для ўдзелу ў турніры заяўлены берасцейскі „Будаўнік” і ХК „Менск”, расейскія „Дынама-Электрасталь”, „Дынама-Будаўнік” (Екацярынбург) і „Дынама-Ак Барс” (Казань), „ГКС-ШВСМ” з украінскай Вінніцы. Каманды падзеляць на дзве групы, у якіх яны згуляюць па кругавой сістэме. Затым пройдуць стыкавыя матчы, па выніках якіх размяркуюцца месцы. Уваход на стадыён „Будаўнік” будзе вольным.

„Барселона” можа скончыць сезон са стратай 350 мільёнаў еўра

Кіраўніцтва „Барселоны” правяло ўнутраны аўдыт фінансавага становішча клуба. Аказалася, што фінансавы стан клуба горшы, чым меркавалася. Страты па выніках цяперашняга сезону могуць скласці 350 мільёнаў еўра, а прыбытак „Барселона” атрымае не раней сезону-2022/23. Новы гендырэктар клуба Феран Рэвертэр перакананы, што „Барселона” зможа выйсці з эканамічнага крызісу, не губляючы пры гэтым канкурэнтаздольнасці ў футбольным плане.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя