ФК „Слуцк” выйшаў на другое месца



11 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі пачаўся матчам паміж „Іслаччу” і „Слуцкам”. У даволі цікавай гульні верх узялі случакі. Прычым госці дамагліся валявой вікторыі.

Лік быў адкрыты ў самым пачатку другога тайма, калі вызначыўся ўкраінскі легіянер „Іслачы” Рынар Валееў. Амаль услед „цукровыя” параўляі лічбы на табло – мяч забіў форавард Аляксандр Яцкевіч. Далей пайшла вясёлая гульня з перыядычнымі абвастрэннямі. Аднак „Іслач” свой шанец не выкарыстала – пасля ўдару Зюлева мяч трапіў у папярэчыну. А ў случакоў злавіў жар-птушку за хвост выйшаўшы на замену нападнік Віталь Рушніцкі, які падпільнаваў памылку галкіпера Туранка на выхадзе.

Такім чынам ФК „Слуцк” набраў 21 ачко і выйшаў у турнірнай табліцы на другое месца. „Іслач” з „мінус 1” разам з наваполацкім „Нафтанам” займаюць два апошнія месцы.

У іншым матчы дня „Гарадзея” і „Крумкачы” разышліся мірам-1:1 (галы: Кірыл Паўлючак, 42-я; Дзмітры Клімовіч, 71-я).

Яшчэ пазней завяршыўся матч у „Гомелі”, дзе аднайменны клуб і гарадзенскі „Нёман” парадавалі заўзятараў выніковым футболам – 2:2 (Аляксандр Карніцкі, 27-я, Павел Сітко, 32-я; Андрэй Якімаў, 5-я, Павел Савіцкі, 63-я).

Гарадзенскі „Нёман” займае пакуль 5-е месца, набраўшы 18 ачкоў. Павел Савіцкі працягвае лідзіраваць у спісе бамбардзіраў – на яго рахунку 7 галоў.

Беларускае Радыё Рацыя