Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую аштрафавалі



Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую аштрафавалі на 90 базавых па адміністрацыйнай справе аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Пра гэта паведамляе Фонд спартовай салідарнасці.

Спартоўку затрымалі 10 лістапада пасля трэніроўкі і павезлі ў Партызанскі РУУС Менска, дзе яна правяла ноч. Раманоўская — чэмпіёнка свету па лыжным фрыстайле. Пасля выбараў-2020 дзяўчына не хавала сваёй грамадзянскай пазіцыі і выступала супраць гвалту.

Расеец Гарбуноў – капітан зборнай Беларусі на турніры ў Славеніі.

Расейскі форвард менскага „Дынама” Раман Гарбуноў прызначаны капітанам зборнай Беларусі па хакеі на турніры чатырох нацый у Славеніі. Расеец упершыню выкліканы ў зборную Беларусі, 11 лістапада ён дэбютуе ў яе форме. Асістэнтамі Гарбунова сталі яго суайчыннік Герман Несцераў і беларус Артур Гаўрус, паведамляе hockey.by. 11 лістапада зборная Беларусі згуляе з камандай Аўстрыі.

„Астан Віла” аб’явіла аб прызначэнні Стывена Джэрарда на пасаду галоўнага трэнера

„Астан Віла” абвясціла аб прызначэнні Стывена Джэрарда на пасаду галоўнага трэнера каманды. Тэрмін кантракта з 41-гадовым англічанінам не ўдакладняецца. Раней паведамлялася, што спецыяліст заключыць пагадненне з клубам на 2,5 гады. Папярэднім клубам Джэрарда быў шатландскі „Рэйнджэрс”, дзе ён працаваў з лета 2018 года да моманту прызначэння ў „Астан Вілу”. Разам з камандай ён стаў чэмпіёнам Шатландыі ў сезоне-2020/21, не пацярпеўшы ніводнай паразы па выніках першынства (32 перамогі і 6 нічыіх). „Астан Віла” займае 17-е месца ў турнірнай табліцы АПЛ.

Беларускія цяжкаатлеты Дзяржановіч і Гур’еў дыскваліфікаваны за допінг

Беларускія цяжкаатлеты Ўладзімір Дзяржановіч (1990) і Валер Гур’еў (1999) дыскваліфікаваныя за ўжыванне допінгу. Дзяржановіч адхілены на тры гады, Гур’еў дыскваліфікаваны на чатыры гады, паведамляе прэс-служба НАДА. Дзяржановіч заняў чацвёртае месца на чэмпіянаце Беларусі-2020 у катэгорыі да 81 кг.

Кантавейт і Плішкава перамаглі на старце выніковага турніру WTA

У мексіканскай Гвадалахары адбыліся стартавыя матчы выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У першым паядынку папярэдняй групы „Тэатыўакан” эстонка Анет Кантавейт (8-ы нумар сусветнага рэйтынгу) перайграла трэцюю ракетку планеты чэшскую тэнісістку Барбару Крэйчыкаву – 6:3, 6:4. У другім матчы групы чэшка Караліна Плішкава (4) адолела іспанскую тэнісістку Гарбінье Мугурусу (5) – 4:6, 6:2, 7:6 (8:6). 11 лістапада ў групе „Чычэн-Іца” другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка згуляе з іспанкай Паўлай Бадасай.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sport.segodnya.ua