Футбалісты БАТЭ пераможна завяршылі трэніровачны збор у Турцыі



Футбалісты барысаўскага БАТЭ на мажорнай ноце завяршылі свой другі вучэбна-трэніровачны збор у турэцкім Белеку.

Чэмпіёны Беларусі 2 сакавіка ў заключным кантрольным матчы абыгралі казахстанскі „Табол” з Кастаная з лікам 2:1. У першай палавіне гульні Ігар Стасевіч і Нікала Васілевіч забілі два мячы, пасля перапынку сапернікам удалося скараціць разрыў да мінімуму.

Да гэтага падапечныя Алега Дулуба, які змяніў па пасадзе галоўнага трэнера БАТЭ Аляксандра Ермаковіча, перамаглі яшчэ адзін казахстанскі клуб – „Кайрат” з Алматы з лікам 3:1 (галы ў БАТЭ: Станіслаў Драгун, Мірка Іваніч, Аляксандар Філіповіч), а таксама ўступілі расейскаму „Арсеналу” з Тулы – 3:4 (Максім Скавыш, Ясе Туамінен, Уладзіслаў Мухамедаў). Барысаўчане вернуцца дамоў 3 сакавіка і будуць рыхтавацца да першага афіцыйнага паядынку новага сезона – матчу за Суперкубак супраць уладальніка Кубка Беларусі берасцейскага „Дынама”, які адбудзецца 10 сакавіка на стадыёне ФК „Мінск”.

Берасцейцы рыхтуюцца да сезона ў іспанскай Марбельі. У двух спарынгах гэтага збору дынамаўцы, якіх з нядаўняга часу трэніруе чэшскі спецыяліст Радаслаў Латал, пацярпелі два паражэнні ад нарвежскіх клубаў. Спачатку „Дынама” моцна прайграла „Молдзе” – 1:4 (гол у берасцейцаў забіў Павел Савіцкі), потым уступіла „Русенборгу” – 1:3 (Джаэль Фамее). На 3 сакавіка намечаны заключны спарынг гэтага збору з ісландскім клубам „Хабнафіёрдур”. Дамоў берасцейцы плануюць вярнуцца 4 сакавіка.

belta.by