Футбалісты „Баварыі” разграмілі „Барселону” на старце Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты мюнхенскай „Баварыі” разграмілі ў гасцях „Барселону” з лікам 3:0 у цэнтральным матчы першага гульнявога дня групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Першы тайм сустрэчы галоўных фаварытаў групы Е ў каталонскай сталіцы прайшоў з перавагай гасцей і на 34-й хвіліне Томас Мюлер вывеў „Баварыю” наперад. Пасля перапынку госці таксама дамінавалі, а абноўленая „Барса” спрабавала выкарыстаць свой шанец у контратаках. На 56-й хвіліне гульні лепшы бамбардзір „Баварыі” Роберт Левандоўскі забіў свой першы мяч, а яшчэ праз паўгадзіны аформіў дубль, паставіўшы апошнюю кропку. У іншым матчы гэтага квартэта чэмпіёны Украіны футбалісты кіеўскага „Дынама” згулялі ўнічыю на сваёй арэне з партугальскай „Бенфікай” – 0:0. Беларускі форвард кіяўлян Ілля Шкурын выйшаў на замену на 60-й хвіліне сустрэчы. У групе Н дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў лонданскі „Чэлсі” у брытанскай сталіцы з лікам 1:0 адолеў „Зеніт” з Санкт-Пецярбурга, дзякуючы галу Рамэлу Лукаку. Шведскі „Мальме” прайграў італьянскаму „Ювентусу” – 0:3. У групе F швейцарскі „Янг Бойз” сенсацыйна перамог англійскі „Манчэстар Юнайтэд” 2:1. У другім паядынку гэтага квартэта іспанскі „Вільярэал” згуляў унічыю з італьянскай „Аталантай” – 2:2. У стартавым паядынку групы G іспанская „Севілья” у сябе дома разышлася мірам з аўстрыйскім „Зальцбургам” – 1:1. Французскі „Ліль” і нямецкі „Вольфсбург” таксама не выявілі пераможцу – 0:0.

Зборная Расеі прайграла Польшчы і выбыла з чэмпіяната свету

Мужчынская зборная Расеі па валейболе саступіла камандзе Польшчы ў чвэрцьфінале чэмпіянату Еўропы. Сустрэча завяршылася з лікам 14:25, 24:26, 19:25. У паўфінале палякі сустрэнуцца з прадстаўнікамі зборнай Сербіі, якія раней перамаглі Нідэрланды (25:23, 25:20, 27:25). ЧЕ праходзіць у гарадах Польшчы, Чэхіі, Эстоніі і Фінляндыі і завершыцца 19 верасня. Дзеючым чэмпіёнам Еўропы з’яўляецца каманда Сербіі.

Максім Сушко прыме ўдзел у лагеры пачаткоўцаў „Філадэльфіі”

Беларускі форвард Максім Сушко запрошаны ў кэмп пачаткоўцаў „Філадэльфіі”. Трэніравальны лагер адкрываецца 16 верасня. 18 і 19 верасня „Флаерз” правядуць два спарынгі з навічкамі „Рэйнджэрс”. Асноўны Кэмп „Філадэльфіі” стартуе 22 верасня. Максім Сушко пачынаў мінулы сезон у мінскім „Дынама”. У КХЛ ён правёў 30 матчаў і набраў 5 (2 + 3) ачкоў. Затым ён вярнуўся ў Паўночную Амерыку, дзе гуляў у сістэме „Флаерз”. Беларус зімой дэбютаваў у НХЛ і правёў дзве сустрэчы за аснову „Філадэльфіі”. У складзе фарма Сушко згуляў дзевяць паядынкаў у АХЛ. Кантракт пачаткоўца з „лётчыкамі” у Максіма дзейнічае яшчэ год, перадае hockey.by.

Беларускія стралкі з лука выйгралі чатыры медалі на міжнародным турніры ў Львове

Беларускія стралкі з лука выйгралі чатыры медалі на міжнародным турніры „Залатая восень”, які завяршыўся ў Львове. У камандных спаборніцтвах у мужчын на рахунку беларускіх лучнікаў адразу дзве ўзнагароды. Золата выйгралі Аляксандр Лягушаў, Антон Прылепаў і Раман Нікіцёнак, якія перамаглі ў фінале каманду „Львоўская ШВСМ” з лікам 28:27. У камандных спаборніцтвах сярод жанчын таксама на вышэйшую прыступку п’едэстала падняліся беларускі. Аляксандра Куратнік, Наталля Траццяк і Ніна Собаль апярэдзілі калектывы „Зборнай рэгіёнаў Украіны” і „Львоўскай школы вышэйшага спартовага майстэрства”.

Беларускае Радыё Рацыя