Футбалісты „Баварыі” разграмілі кіеўскае „Дынама” у Лізе чэмпіёнаў



Мюнхенская „Баварыя” дамаглася другой буйной перамогі на старце Лігі чэмпіёнаў. У хатнім паядынку другога тура папярэдняй групы Е чэмпіёны Германіі не пакінулі шанцаў кіеўскаму „Дынама”, перамогшы з лікам 5:0. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіў лідар нападаў баварцаў Роберт Левандоўскі. Ён стаў першым футбалістам у гісторыі Лігі чэмпіёнаў, якому ўдалося выйграць 18 матчаў запар у рамках турніру. У Лісабоне партугальская „Бенфіка” разграміла іспанскую „Барселону” – 3:0. Тут два мячы забіў Дарвін Нуньес. У першым туры барселонскі клуб з такім жа лікам прайграў у сябе дома „Баварыі”.

Чэмпіёны Расеі футбалісты „Зеніта” пасля стартавай паразы ў гасцях ад лонданскага „Чэлсі” разграмілі ў Санкт-Пецярбургу шведскі „Мальме” з лікам 4:0. Італьянскі „Ювентус” дзякуючы голу Федэрыка К’езы з мінімальным лікам 1:0 перамог «Чэлсі».

У квартэце F італьянская „Аталанта” у Бергама адолела швейцарскі „Янг Бойз” – 1:0. „Манчэстэр Юнайтэд” дамогся валявой перамогі ў матчы з іспанскім «Вільярэалам» 2:1 – вырашальны гол на 5-й даданай хвіліне гульні забіў Крышціану Раналду. Нямецкі «Вольфсбург» згуляў унічыю з іспанскай «Севільяй» 1:1, а аўстрыйскі «Рэд Бул Зальцбург» абыграў французскі «Ліль» 2:1.

Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Нафтахімік”

Хакеісты мінскага „Дынама” перамаглі „Нафтахімік” з Ніжнекамска ў хатнім паядынку Кантынентальнай хакейнай лігі. Гульня завяршылася на карысць падначаленых Крэйга Вудкрафта з лікам 3:1.

У другім перыядзе Аляксандр Сувораў закінуў сам і аддаў пас Іллі Вусаву, які падвоіў перавагу зуброў.

У трэцім перыядзе Тайлер Граовац зрабіў лік 3:0, а крыху больш чым за дзве хвіліны да фінальнай сірэны гасцям усё ж удалося адзначыць узяццце брамкі Аляксея Коласава. Даніла Папоў завяршыў камбінацыю „ваўкоў”. На апошняй хвіліне сустрэчы трэнерскі штаб „Нафтахіміка” пайшоў на замену брамніка шостым палявым гульцом. Аднак менчукі змаглі давесці матч да перамогі. На „Мінск-Арэне” прысутнічалі 4600 заўзятараў. Мінчане займаюць 9-е месца з 24-х. Ад першага месца каманду аддзяляюць сем ачкоў. 3 кастрычніка „Дынама” сустрэнецца ў гасцях з „Сочы”.

Вікторыя Азаранка прабілася ў 1/16 фіналу турніру ў Чыкага

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка святкавала другую перамогу на турніры ў амерыканскім Чыкага з прызавым фондам 565 тысяч даляраў. У другім раўндзе экс-першая ракетка свету, якая займае цяпер 34-е месца ў рэйтынгу WTA, сустракалася з амерыканкай Хэйлі Баптыст і выйграла ў трохсэтавым паядынку – 6:2, 4:6, 6:3. Наступнай суперніцай беларускі будзе дзявятая ракетка планеты іспанка Гарбін Мугуруса.

Яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч саступіла ў 1/16 фіналу прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай – 4:6, 4:6.

Беларускае Радыё Рацыя