Футбалісты „Энергетыка-БДУ” выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі



Футбалісты сталічнага „Энергетыка-БДУ” абыгралі „Белшыну” з лікам 1:0 у стартавым паядынку 11-га тура чэмпіянату Беларусі. Пераможны мяч на 4-й кампенсаванай хвіліне гульні на полі бабруйскага стадыёна „Спартак” забіў лепшы бамбардзір турніру Бабір Абдзіхолікаў. Цяпер у яго актыве стала 12 мячоў. Дзякуючы гэтай вікторыі мінчане выйшлі на першае месца, абышоўшы барысаўскі БАТЭ.
У другім паядынку дня жодзінскія тарпедаўцы перамаглі футбалістаў „Віцебска” 1:0. Перамогу гасцям прынёс дакладны ўдар Валерыя Гарбачыка, які вызначыўся на 41-й хвіліне сустрэчы.

Сасновіч прайграла ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Берліне

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая мае 38-ы нумар сусветнага рэйтынгу, пацярпела паразу ў чвэрцьфінале турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 611 тысяч еўра. У першым сэце паядынку за выхад у паўфінал беларуска саступала чацвёртай ракетцы планеты Унс Джабір з Туніса 2:5, затым здолела выйграць чатыры геймы запар і перамагла на тай-брэйку – 7:6 (7:3). Аднак на большае ў Аляксандры Сасновіч сіл не хапіла – другую і трэцюю партыі яна прайграла з аднолькавым лікам 2:6.

Кадола працягне кар’еру ў маскоўскім „Дынама”

Маскоўскае „Дынама” і чарапавецкая „Северсталь” здзейснілі абмен. У выніку здзелкі ў Маскву адправіўся беларус Уладзіслаў Кадола, у Чарапавец — Аляксандр Пятунін, паведамляе афіцыйны сайт сталічнага клуба. У мінулым сезоне 25-гадовы Кодола правёў 47 гульняў у рэгулярным чэмпіянаце, закінуўшы 12 шайб і зрабіўшы 12 перадач, у сямі матчах плэй-оф не вызначыўся баламі. Кантракт „Дынама” з беларускім нападнікам дзейнічае да 30 красавіка наступнага года і мае аднабаковы характар.

ЕГФ адклала пытанне аб удзеле беларускіх і расейскіх клубаў у еўракубках

Выканкам ЕГФ абмеркаваў гэтае пытанне на паседжанні ў Кёльне. 28 лютага федэрацыя адхіліла зборныя і клубы з Беларусі і Расеі ад усіх турніраў да далейшага апавяшчэння, 6 траўня была адхілена апеляцыя расійскага боку. Паколькі сітуацыя вакол канфлікту ва Украіне не змянілася, выканкам вырашыў захаваць статус-кво. Рашэнне аб выступе беларускіх і расейскіх клубаў у еўракубках-2022/23 будзе прынята падчас рэгістрацыі каманд для ўдзелу ў турнірах, паведамляе прэс-служба ЕГФ.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]