Футбалісты Іспаніі сталі першымі паўфіналістамі U-21



Першымі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі маладзёжнага чэмпіянату Еўропы (U-21), які праходзіць у Польшчы, сталі футбалісты Іспаніі.

У паядынку другога тура папярэдняй групы В іспанская „маладзёжка” перайграла суседзяў з Партугаліі з лікам 3:1 і датэрмінова забяспечыла сабе выхад у квартэт мацнейшых. У балканскім дэрбі паміж зборнымі Сербіі і Македоніі пераможца не быў выяўлены – нічыя 2:2. У стартавы дзень іспанцы разграмілі македонцаў – 5:0, а партугальцы былі мацнейшымі за сербаў – 2:0. Турнірнае становішча пасля двух тураў: Іспанія – 6 ачкоў (розніца мячоў – 8-1), Партугалія – 3 (3-3), Сербія – 1 (2-4), Македонія – 1 (2-7).

Англійскія футбалісты лідзіруюць у папярэдняй групе А. Спачатку англічане разышліся мірам са шведамі – 0:0, а затым атрымалі валявую вікторыю над славакамі – 2:1. Гаспадары турніру палякі на старце ўступілі равеснікам са Славакіі (1:2), а потым згулялі ўнічыю з камандай Швецыі (2:2). Турнірнае становішча: Англія – 4 (2-1), Славакія – 3 (3-3), Швецыя – 2 (2-2), Польшча – 1 (3-4).

У квартэце С прайшлі паядынкі першага тура, прычым абодва завяршыліся з аднолькавым рэзультатам 2:0. Футбалісты Германіі абыгралі каманду Чэхіі, а італьянцы былі мацнейшымі за датчан.

Пасля завяршэння групавога этапу пераможцы квартэтаў і лепшая каманда з заняўшых другія месцы 27 чэрвеня прадоўжаць барацьбу ў паўфіналах. Вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 30 чэрвеня ў Кракаве.

Два гады таму ў Чэхіі маладзёжны чэмпіянат Еўропы ўпершыню выйгралі футбалісты Швецыі, якія перамглі ў фінале партугальцаў у серыі пасляматчавых пенальці. Больш за іншых маладзёжнае першынство Старога Свету выйгравалі італьянцы – 5 разоў, на адзін чэмпіёнскі тытул менш у іспанцаў, тройчы турнір выйгравала зборная Савецкага Саюза, па два разы трыумфатарамі станавіліся каманды Англіі і Нідэрландаў. Па разе золата выйгравалі футбалісты Францыі, Чэхіі, Югаславіі, Венгрыі, Германіі і Швецыі. Вышэйшым дасягненнем беларускай „маладзёжкі” з’яўляецца бронза Еўра-2011 у Даніі, пасля якой каманда Георгія Кандрацьева атрымала права выступіць на Алімпійскіх гульнях-2012 у Лондане.

belta.by