Футбалісты „Рэала” і „Баварыі” перамаглі ў першых чвэрцьфіналах Лігі чэмпіёнаў



Дзеючы пераможца футбольнай Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі „Рэал” разграміў італьянскі „Ювентус” у першым чвэрцьфінальным матчы цяперашняга розыгрышу.

Гульня ў Турыне пачалася з хуткага гола гасцей – ужо на 3-й мінуце іх лідар Крышціяну Раналду замкнуў перадачу з левага фланга, забіўшы свой 13-ы гол у гэтым розыгрышы. Прапусціўшы мяч, гаспадары правялі некалькі небяспечных атак, але адыграцца не змаглі. Футбалісты „Рэала” не збіраліся гуляць на ўтрыманне мінімальнай перавагі і працягвалі трывожыць вельмі вопытнага галкіпера „Юве” Джанлуіджы Буфона, але да перапынку вынік не змяніўся. У другім тайме турынцы зноў завалодалі ініцыятывай, аднак зноў іх атакі не прывялі да гола. Затое госці на 64-й мінуце сустрэчы павялічылі сваю перавагу пасля эфектнага ўдару Раналду, які аформіў дубль. Не прайшло і 10 мінут, як лік стаў вялікім – трэці гол у вароты Буфона забіў Марсела, які ўстанавіў канчатковы вынік – 3:0 на карысць „Рэала”.

У другім аўторкавым паядынку 1/4 фіналу іспанская „Севілья” прымала на сваім полі мюнхенскую „Баварыю” і ў першым тайме змагалася на аднолькавых правах з прызнаным фаварытам. Больш таго, пасля паўгадзіны гаспадары выйшлі наперад пасля ўдару Пабла Сарабія. Баварцы адыграліся даволі хутка – на 37-й мінуце Франк Рыберы прабіў у бок варот і мяч рыкашэтам ад паўабаронцы „Севільі” Хесуса Наваса ўляцеў у сетку – 1:1. Пасля перапынку лідар нямецкай бундэслігі змог выйсці наперад, калі на 68-й мінуце Цьяга Алькантара трапіў у вароты Давіда Сорыя – 2:1. Сустрэчы ў адказ у гэтых парах адбудуцца 11 красавіка ў Мадрыдзе і Мюнхене.

Яшчэ два матчы чвэрцьфінальнай стадыі пройдуць 4 красавіка ўвечары. У англійскім дэрбі „Ліверпуль” прыме „Манчэстэр Сіці”, а іспанская „Барселона” згуляе на сваім полі з італьянскай „Ромай”. У гэтых парах другія паядынкі пройдуць 10 красавіка ў Манчэстэры і Рыме.

belta.by